
Рэалізацыяй паліва для дзяржаўных устаноў і ўласных домаўладанняў у нашым раёне займаецца Шаркаўшчынскі філіял абласнога ўнітарнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам “Віцебскаблпал”. На працягу дваццаці трох год прадпрыемства ўзначальвае Міхаіл Уладзіміравіч Фамянок. Пад яго кіраўніцтвам калектыў, які налічвае 15 чалавек, паспяхова спраўляецца з ускладзенымі абавязкамі.
— Па выніках работы за 8 месяцаў 2021 года план рэалізацыі паліва склаў 100 працэнтаў да аналагічнага перыяду мінулага года, — паведаміў Міхаіл Уладзіміравіч. — Па выніках работы за першае паўгоддзе мы займаем чацвёртае месца ў вобласці сярод 19 аналагічных філіялаў. За гэты перыяд мы рэалізавалі 1850 тон торфабрыкету і 5500 кубічных метраў дроў. Забяспечылі торфабрыкетам 545 домаўладанняў, дровамі — 1150 домаўладанняў. Усе даведзеныя планы калектыў нашай арганізацыі выконвае ў поўным аб’ёме, бо кожны работнік уносіць свой уклад у агульную справу, робіць усё максімальна магчымае, каб палівам, а значыць і цяплом, былі забяспечаны ўсе, хто мае ў гэтым патрэбу.
У ліку лепшых работнікаў — Павел Рэдзіка, Іван Дземідовіч (лаўрэат абласнога конкурсу «Лепшы па прафесіі» за 2020 год), Рыгор Яфімаў, Аляксандр Дарашкевіч, Аляксандр Цэван, Аляксандр Базільчук, Валерый Рачыцкі.
Асаблівыя словы ўдзячнасці за шматгадовую і добрасумленную працу на карысць нашага прадпрыемства адрасую ветэранам галіны: Але Асташовай, Алісе Касцюкевіч, Валянціне Гірстун, Васілію Сядлоўскаму, Івану Сіповічу, Віктару Буйка, Аліне Казаковай.
Напярэдадні прафесійнага свята Міхаіл Уладзіміравіч пажадаў работнікам і ветэранам арганізацыі трывалага здароўя, фінансавага дастатку, сямейнага шчасця і жыццёвага аптымізму.
Сяргей РАЙЧОНАК.
