— Дзе ж яны, дзе ж яны, хто ўкраў? — крычаў Дзед Мароз, шукаючы свае валёнкі. На дапамогу прыходзілі цыганкі, міліцыянер і ўсе, хто мог дапамагчы Дзеду Марозу. Так 20 студзеня пачаўся тэатралізаваны канцэрт, прысвечаны святу снегу на гарадскім катку па вуліцы Заслонава. Раённы метадычны цэнтр аддзела культуры з дапамогай работнікаў селькіх клубных устаноў падрыхтаваў сцэнарый зімовага свята “Навагоднія валёнкі”.
Надвор’е ў той дзень паспрыяла шчодра ўсіх адарыць снегам. А ён ішоў з самай раніцы. Мабыць, снег стаў перашкодай для тых, хто ў такое надвор’е не прыйшоў на свята. Вельмі шкада, але надта мала сабралася гледачоў на гарадскім катку ў той дзень.
Дзятва, весела катаючыся на каньках, падбадзёрвала, уздымала настрой і сабе, і гледачам, і ўдзельнікам канцэрта. Раённы цэнтр рамёстваў арганізаваў выставу-продаж сваіх вырабаў. Блінамі, спечанымі на калодзе, частавалі жадаючых удзельнікі клуба нацыянальнай кухні “Талака” Кубелеўшчынскага сельскага клуба. Працаваў гандаль райспажыўтаварыства, дзе прадаваліся кандытарскія вырабы, шашлыкі і гарбата. Вялікім попытам карысталіся канькі — за імі ў той дзень выстрайвалася чарга з аматараў хуткага катання.
Святочна падрыхтаванае мерапрыемства прыйшлося даспадобы як гледачам, так і самім арганізатарам. Хтосьці разам са скамарохамі танчыў на катку пад вясёлыя песні, хтосьці ўдзельнічаў у конкурсах, гульнях, забавах. Некаторыя набывалі сувеніры цэнтра рамёстваў. І канечне ж, у рэшце рэшт, знайшліся валёнкі Дзеда Мароза, у якіх ён, сабраўшы дзятву, вадзіў карагоды вакол ёлкі пад музыку і песні.
Сяргей РАЙЧОНАК
Фота Сяргея РАЙЧОНКА