Аляксей Курачонак расказвае пра вынікі першынства раёна па лёгкай атлетыцы

Молодежь Спорт

IMG_20211002_123325 (Копировать)У кастрычніку прайшло першынство раёна па лёгкай атлетыцы, у якім прынялі ўдзел юныя спартсмены школ гарадскога пасёлка і раёна. Больш падрабязна пра яго нам расказаў дырэктар Шаркаўшчынскай ДЮСШ Аляксей Курачонак.

– Па традыцыі наша спартыўная школа арганізуе гэтае першынство два разы ў год, вясной і восенню. Яно становіцца сапраўдным святам для юных спартсменаў. Мы запрашаем да ўдзелу ўсе школы раёна, але, на жаль, не ўсе дырэктары і настаўнікі фізічнай культуры праяўляюць зацікаўленасць, пазбаўляючы сваіх вучняў магчымасці паспаборнічаць з іншымі школьнікамі, праявіць свой патэнцыял, адчуць спартыўны азарт. Хаця нічога надзвычайнага ад іх не патрабуецца: настаўнікі фізкультуры павінны падрыхтаваць і арганізаваць дзяцей, якія хочуць прыняць удзел у раённых спаборніцтвах, а кіраўніцтва школы – даць дазвол і выдзеліць транспарт для дастаўкі каманды. Давайце не будзем забываць, што мы ўсе нясём агульную адказнасць за будучае пакаленне. Хочацца, каб нашы дзеці былі не толькі разумнымі, але і здаровымі. Таму трэба з дзяцінства прывіваць ім любоў да спорту праз заняткі фізічнай культурай і ўдзел у спартыўных спаборніцтвах.

Радуе, што на восеньскім першынстве ўжо назіралася станоўчая дынаміка павелічэння колькасці каманд. Акрамя традыцыйных удзельнікаў – вучняў Шаркаўшчынскай СШ №1 (трэнеры Сяргей Вашкель і Арцём Вялічка) і Шаркаўшчынскай СШ №2 (трэнер Юрый Жынгель), Германавіцкай ДС-СШ (трэнер Пётр Рубніковіч) – мы былі рады вітаць на спаборніцтвах каманду Лужкаўскай СШ (трэнер Аляксей Лаўрыновіч) і Велікасельскай ДС-БШ (трэнер Леанід Закрэўскі). Леаніду Анатольевічу хочацца выказаць асаблівыя словы падзякі за тое, што ён праявіў асабістую ініцыятыву, выказаў жаданне і знайшоў час прывезці сваіх выхаванцаў.

Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 73 спартсмены, якія былі падзелены на 3 узроставыя групы. Спаборнічалі яны ў такіх лёгкаатлетычных дысцыплінах як спрынтарскі бег, бег на сярэднюю дыстанцыю, скачок у даўжыню з разбега, кіданне мяча, штурханне ядра, спартыўная хадзьба.

Назаву пераможцаў. Сярод спартсменаў 2007-2008 гадоў нараджэння Дзмітрый Альшанскі (трэнер Аляксей Лаўрыновіч) стаў першым у бегу на 60 м і скачках у даўжыню, Мікалай Хаданёнак (трэнер Сяргей Вашкель) – у бегу на 400 м, Максім Грыгаровіч (трэнер Сяргей Вашкель) – у бегу на 800 м, Руслан Нікалаёнак (трэнер Пётр Рубніковіч) – у хадзьбе на 2000 м. У дзяўчат у бегу на 60 м перамагла Лізавета Ласоўская, у спартыўнай хадзьбе на 2000 м – Аліна Радзецкая, у бегу на 800 м – Ксенія Вязіцкая (трэніруе дзяўчат Сяргей Вашкель), у штурханні ядра – Юля Курмель, у скачках у даўжыню – Любоў Кукуць (трэніруе Пётр Рубніковіч), у бегу на 400 м – Ганна Рубніковіч (трэнер Леанід Закрэўскі).

Ва ўзроставай групе 2009-2010 гадоў нараджэння выхаванец трэнера Юрыя Жынгеля Ягор Райчонак стаў першым у бегу на дыстанцыях 60 м і 600 м, выхаванцы Пятра Рубніковіча Аляксандр Фёдараў заняў першае месца ў бегу на 300 м, Алексей Савельеў – у штурханні ядра і кіданні мяча, выхаванец Сяргея Вашкеля Станіслаў Столяр перамог у бегу на 1000 метраў. У дзяўчат Надзея Абрамчык (трэнер Пётр Рубніковіч) была першай у бегу на 60 м і 300 м, Яна Ягела (трэнер Сяргей Вашкель) перамагла на дыстанцыі 100 м.

У дзяцей 2011 года нараджэння і маладзей пераможцамі сталі: Мікіта Зуй (трэнер Арцём Вялічка) – у бегу на 50 м і 300 м, Кірыл Лесеў (трэнер Юрый Жынгель) – у скачках у даўжыню, Данііл Пашковіч (трэнер Пётр Рубніковіч) – у хадзьбе на 1000 метраў, Варвара Жынгель (трэнер Юрый Жынгель) – у бегу на 50 м і 300 м, Наталля Касевіч (трэнер Юрый Жынгель) – у хадзьбе на 1000 м.

Спаборніцтвы завяршыліся ўзнагароджаннем пераможцаў. Але самае галоўнае, што разам з граматамі за прызавыя месцы дзеці атрымалі мноства пазітыўных эмоцый і спартыўны вопыт. Спадзяюся, што на вясенніх раённых спаборніцтвах будуць прадстаўлены ўдзельнікі і з іншых школ раёна.

Падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ.

IMG_20211002_121606 (Копировать) IMG_20211002_121630 (Копировать) IMG_20211002_121906 (Копировать) IMG_20211002_122041 (Копировать) IMG_20211002_122116 (Копировать) IMG_20211002_122215 (Копировать) IMG_20211002_122603 (Копировать) IMG_20211002_122701 (Копировать) IMG_20211002_122949 (Копировать) IMG_20211002_123052 (Копировать) IMG_20211002_123157 (Копировать)