
Бывае так, што людзі прысвячаюць адной прафесіі ўсё жыццё і не мяняюць рабочага месца. У працоўнай кніжцы Вікторыі Іосіфаўны Заяц прысутнічае адзін запіс — цырульнік камбіната бытавога абслугоўвання. Працуе яна з 1976 года, калі, закончыўшы вучылішча ў Мінску, патрапіла ў Шаркаўшчыну па размеркаванні. Колькі стрыжак і прычосак зроблена за гэты час — не пералічыць. Апроч працы ў гарадскім пасёлку, Вікторыя Іосіфаўна выязджае на сяло — працаваць на комплексных прыёмных пунктах.
Гераіня нашага аповеду з Міёрскага раёна, але засталася жыць у Шаркаўшчыне, бо менавіта тут адшукала сваю другую палавіну — Вячаслава Вячаслававіча. Чацвёра іх дзяцей ужо дарослыя, радуюць бацькоў унукамі. Ці трэба казаць, што яны ўсе, пачынаючы ад мужа і заканчваючы ўнукамі, калі трэба пастрыгчыся, карыстаюцца паслугамі маці і бабулі.
Андрэй БУРЭЦ
Фота Марыны ЖАКАЎКА
