За культурнае жыццё Буеўшчыны адказвае мясцовы Дом народнай творчасці

Актуальное

Відавочна, што ў цяперашні час імклівага развіцця навукова-тэхнічнага прагрэсу, калі ў нашу паўсядзённасць прыходзяць усе “блага современной цивилизации», калі для зносін між людзьмі ўсё болей і часцей выкарыстоўваецца Інтэрнэт-прастора, іншы раз цяжка ўявіць, што ў нашым грамадстве і ў жыхара вялікага горада, і ў звычайнага вяскоўца не страцілася цікавасць да наведвання (хоць і не частага) грамадскіх бібліятэк, клубных устаноў, музеяў. Канечне ж, да культурных патрэб гараджан прадастаўлены кіназалы, абсталяваныя сучаснай апаратурай, паркі адпачынку і начныя клубы, фізкультурна-аздараўленчыя цэнтры і лядовыя палацы. І тут паўстае праблемнае пытанне: як якасна, даступна і цікава заахвоціць жыхароў вёсак, прыцягнуць іх да культурнага жыцця? Не сакрэт, што культурна-масавыя мерапрыемствы ў сельскай мясцовасці (за выключэннем танцавальных вечароў і дыскатэк) не такія і частыя. Тут можна спасылацца як на аб’ектыўныя, так і на суб’ектыўныя прычыны…

Трэба заўважыць, што ў перыяд з 2005 па 2010 гады, дзякуючы Праграме адраджэння і развіцця сяла, былі адрамантаваны дзясяткі ўстаноў культуры ў аграгарадках: сельскія дамы культуры, сельскія клубы, бібліятэкі. Набывалася новая мэбля, светла-, гукаўзмацняльная апаратура, музычныя інструменты, добраўпарадкавалася прылягаючая да будынкаў тэрыторыя. Наогул, аднаўленне і рамонт старых будынкаў, перанос устаноў у іншыя, больш прасторныя і ўмяшчальныя памяшканні, адбываліся і дзякуючы  штодзённай карпатлівай працы культработнікаў раёна. Звычайнаму бібліятэкару або загадчыцы клуба трэба было быць і муляром, і тынкоўшчыкам. Нярэдка, нават прарабам, каб сачыць за якасным правядзеннем рамонтных работ падраднымі арганізацыямі.

Прайшло зусім нямнога часу з тае пары. Многія клубныя ўстановы рэарганізаваны ў цэнтры культуры і адпачынку, народнай творчасці, фальклору, народных традыцый і інш.

Трапляю ў Буеўшчынскі Дом народнай творчасці. Тым, хто едзе па дарозе з Шаркаўшчыны на Браслаў, управа ад шашы, будынак яго ўяўляецца некаторым праязджаючым нейкім казачным марскім суднам — такія архітэктурныя асаблівасці мае яго вонкавы выгляд. Тут месцяцца і клуб, і бібліятэка. Пра накірункі дзейнасці ўстановы, яе работу расказала  дырэктар Таццяна Сінкевіч:

—    Так як наша ўстанова культуры носіць назву Дом народнай творчасці, у сваёй рабоце мы арыентуемся на адраджэнне і зберажэнне фальклорных, песенных, абрадавых традыцый нашай мясцовасці. Арганізаваны і працуюць чатыры гурткі мастацкай самадзейнасці. У 2011 і 2012 гадах прайшло першае раённае фальклорнае свята “Старому не забыцца — маладому навучыцца”, у двух турах якога прыняў удзел і наш дзіцячы фальклорны калектыў”Скарбніца”, за што атрымаў дыпломы ўдзельнікаў мерапрыемства, салодкія падарункі, а галоўнае — цёплыя ўражанні ад свята. Летась створана дарослае аматарскае аб’яднанне “Спадарыня” сямейна-бытавога накірунку. Яго ўдзельніцы падчас сумесных заняткаў займаюцца вязаннем на прутках, вышываннем, гатуюць стравы беларускай нацыянальнай кухні.

Наогул, акцэнт у сваёй працы робім на правядзенне свят народнага календара: Каляды, Масленіца, Купалле, Дажынкі, Пакроў і гэтак далей. Ярка і запамінальна летась праведзена свята аграгарадка Іёды, свята вёскі Корніца, ладзіліся абрады калядавання, навагоднія канцэрты і дзіцячыя ранішнікі. Акрамя правядзення мясцовых культурна-масавых мерапрыемстваў сумесна з бібліятэкай і ўстановамі культуры, размешчанымі на тэрыторыі Іёдскага сельсавета, прымалі ўдзел у святах у гарадскім пасёлку. План платных паслуг, аказваемых насельніцтву, за мінулы год выкананы на 115 працэнтаў.

Вельмі ўдзячна нашым гурткоўцам і ўсім жыхарам аграгарадка Буеўшчына за ўдзел у масавых мерапрыемствах установы і іх пастаяннае наведванне! Праз раённую газету хачу выказаць словы падзякі кіраўніцтву ААТ “Буеўшчына”, прафкаму і асабіста выконваючаму абавязкі дырэктара гаспадаркі Аляксандру Іосіфавічу Гернату за фінансавую дапамогу ў набыцці падарункаў для правядзення навагодніх мерапрыемстваў!

Як бачна з вышэйсказанага, культурнае жыццё ў вясковай глыбінцы не стаіць на месцы, а рухаецца наперад, і самі культработнікі, імкнучыся задаволіць запыты насельніцтва, пашыраюць спектр паслуг і робяць вольны час кожнага жыхара цікавым, запамінальным і разнастайным.

Сяргей РАЙЧОНАК



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *