Шаркаўшчынскія школьнікі прынялі ўдзел ў алімпіядзе па фінансавай адукаванасці

Молодежь

IMG_2279 (Копировать)
Аксана Бабоўская, Соф’я Скурат, Дарына Аляхновіч, Алеся Грыдзюшка

Фінансавая адукаванасць у сучасным жыцці патрэбна чалавеку не менш, а, можа, нават і больш, чым іншыя веды. Таму навучанне асновам пачынаецца ўжо ў школе, а для праверкі ведаў і вызначэння лепшых ужо не першы год па ініцыятыве Беларусбанка, і падтрымцы вядучых банкаў краіны праводзяцца школьныя алімпіяды. Як і звычайна, сёлета алімпіяда па фінансавай адукаванасці праходзіла ў некалькі этапаў. На першым былі вызначаны лепшыя знаўцы фінансавых пытанняў у школах раёна. Яны сталі ўдзельнікамі раённага этапа. Па яго выніках трэцяе месца заняла Соф’я Скурат, другое — Ульяна Хаданёнак, першае — Дарына Аляхновіч. Усе дзяўчаты вучацца ў Шаркаўшчынскай сярэдняй школе №1. Іх падрыхтоўкай на стымулюючых занятках па фінансавай адукаванасці займалася настаўніца грамадазнаўства Аксана Анатольеўна Бабоўская.

У лістападзе праходзіў абласны этап. Трэба сказаць, што ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй праводзіўся ён дыстанцыйна: усе ўдзельнікі выконвалі заданні ў сваіх школах у рэжыме анлайн. Перад яго пачаткам метадыст вучэбна-метадычнага кабінета аддзела па адукацыі райвыканкама Алеся Уладзіміраўна Грыдзюшка павіншавала пераможцаў раённага этапа і пажадала паспяховага выступлення на абласным. Таксама яна ўручыла дзяўчатам падарункі ад Беларусбанка, Белаграпрамбанка і Белінвестбанка.

У абласным этапе ўдзельнічалі 84 чалавекі — канкурэнцыя была высокая. На жаль, шаркаўчанкам не ўдалося заняць прызавых месцаў. Але, без сумнення, атрыманыя падчас падрыхтоўкі веды прыгадзяцца ім у дарослым жыцці.

Андрэй БУРЭЦ.