Сёлетняя зіма па-сапраўднаму адпавядае сваёй назве: марознае надвор’е, укрытыя снегам палеткі, заснежаныя вуліцы. Дзятве, вядома, гэта ў радасць. Можна і ў снежкі пагуляць, пакатацца на санках і лыжах, абуўшы канькі, пайсці на каток.
Але ж немалаважна, каб гурбы белай “мукі” не сталі перашкодай для пешаходаў на тратуары, а для аўтамабілістаў на праезнай частцы. І тут галоўнае, своечасова і аператыўна прыняць неабходныя меры па расчыстцы вуліц і дарог.
Пабліскваючы аранжавым маячком, па-майстэрску спраўляецца з гэтай работай “Амкадор” Святаслава Станіслававіча Паўловіча — трактарыста-машыніста ЖКГ. На падхваце з бульдозернай лапатай МТЗ-82 Івана Міхайлавіча Сямёнава. Пяць каўшоў — і прычэп “Беларуса”, якім кіруе Андрэй Піліпавіч Гернат, загружаны снегам, саступае месца парожняму кузаву МАЗа, за рулём якога Уладзімір Дзіянісавіч Каплуноўскі. Тэхніцы дапамагаюць рабочыя Сяргей Аляксандравіч Шыман і Васіль Генадзьевіч Горашнеў, ссуваючы лапатамі рэшткі снегу з тратуару.
— Наша задача вывезці снег з цэнтральных вуліц гарпасёлка, затым пераедзем на ўскраіны, — кажуць мужчыны.
Незаўважна і хутка праезная частка ад аўтавакзала да гасцініцы была ачышчана. Па прагнозах сіноптыкаў снегапады яшчэ працягнуцца, таму працы для снегаўборачнай тэхнікі хопіць. Зіма ў разгары…
Сяргей РАЙЧОНАК.
Фота аўтара.




