Валейбольны турнір памяці Эдуарда Корсака: старт дадзены

Спорт

28 студзеня ў спартыўнай зале раённага Дома культуры стартаваў чэмпіянат раёна па валейболу ў першай лізе сярод мужчын памяці Э. А. Корсака. На ўрачыстае адкрыццё турніру, які ўпершыню ў гэтым годзе прысвечаны памяці Эдуарда Корсака — прыхільніка валейбола, аднаго з вядучых ігракоў каманды райвыканкама, сабраліся валейбалісты, якія будуць змагацца за першынство, а таксама балельшчыкі. Прывітаў удзельнікаў турніру І. А. Іваноў, начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама. Ігар Афанасьевіч пэўны час трэніраваўся разам з Эдуардам Аляксандравічам, разам яны выступалі за каманду райвыканкама. Ігар Іваноў узгадаў пра тое, як Эдуард Корсак трэніраваўся і выступаў на спаборніцтвах. Было адзначана, што Эдуард Аляксандравіч на працягу 17 гадоў працаваў галоўным рэдактарам раённай газеты “Кліч Радзімы” і ўвесь гэты час захапляўся спортам, з’яўляўся прыхільнікам здаровага ладу жыцця, займаў актыўную грамадскую пазіцыю. Ігар Іваноў адзначыў, што трэніроўкі па валейболу пачыналіся каля 5 гадзін раніцы і Эдуард Корсак рэгулярна іх наведваў. Эдуард Аляксандравіч заўсёды знаходзіў час, каб пагутарыць з кожным прыхільнікам валейбола, умеў трапна пажартаваць, а таксама падтрымаць у цяжкую хвіліну.

Успамінамі пра любімага мужа падзялілася жонка Эдуарда Корсака — Альдона Іванаўна. Было адзначана, што Эдуард Аляксандравіч на працягу ўсяго сямейнага жыцця знаходзіў час для фізкультуры і спорту, найбольшую ўвагу ўдзяляў валейболу, настольнаму тэнісу, лыжам.

Пад гукі гімна дзяржаўны сцяг узнялі прадстаўнікі мацнейшых каманд Дзмітрый Зяляпужын і Казімір Кленічаў.

Ігар Іваноў, як галоўны суддзя чэмпіянату нагадаў пра змяненні ў правілах гульні, якія ўступілі ў сілу ў бягучым годзе. Пасля чаго быў дадзены старт. Першымі на пляцоўку выйшлі каманды райвыканкама і ДБУ-26. З лікам 2:0 прадстаўнікі каманды, за якую выступаў Эдуард Корсак, перамаглі дарожнікаў. Затым “высветлялі адносіны” каманды РАУС і Дэпартамента аховы. Супрацьстаянне сілавікоў было напружаным — адну партыю выйгралі прадстаўнікі райаддзела, другую — спартсмены з аховы. У рашаючай сустрэчы мацнейшымі аказаліся валейбалісты райаддзела. Такім чынам вынік сустрэчы РАУС—ахова — 2:1.

Аляксандр БАРЫЛА.

Фота аўтара.

[nggallery id=14]



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *