Як вядома, Шаркаўшчына славіцца сваімі прыхільнікамі і аматарамі здаровага ладу жыцця, спартсменамі, бо тут працуюць таленавітыя педагогі, трэнеры, якія сярод вучняў школ, работнікаў арганізацый знаходзяць спартыўныя таленты.
Сістэматычна для ўсіх катэгорый насельніцтва гарадскога пасёлка і раёна праходзяць шматлікія спаборніцтвы, накіраваныя на прапаганду здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва. Вызначаюцца пераможцы, праходзіць іх узнагароджванне, у тым ліку і з боку раённага аб’яднання прафсаюзаў.
На мінулым тыдні ў раённым Цэнтры культуры галоўны спецыяліст райвыканкама Наталля Анатольеўна Арэшкава правяла цырымонію ўзнагароджвання нагруднымі значкамі “Фізкультурнік Беларусі” залатой, сярэбранай і бронзавай вартасці самых актыўных жыхароў раёна па выніках правядзення раённага спартыўна-масавага мерапрыемства па шматбор’і “Здароўе” ў межах дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу Рэспублікі Беларусь сярод арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў нашага рэгіёна.
Усяго ў шматбор’і прынялі ўдзел 16 каманд — 116 чалавек. Значок “Фізкультурнік Беларусі” залатой вартасці атрымалі Аляксандр Краснадубскі, Дзмітрый Лялека, Аксана Віткоўская, Павел Грыгаровіч, Алена Бейнаровіч, Кацярына Шыман і Алена Латышонак. Значкі сярэбранай вартасці атрымалі Аксана Міронава, Таццяна Цітовіч і Ілона Новікава. Уладальнікамі значка бронзавай вартасці сталі Юлія Спірыдонава і Яўгеній Бялевіч.
Такім чынам, правядзенне цырымоніі ўзнагароджвання лепшых прыхільнікаў здаровага ладу жыцця паспрыяе новым спартыўным дасягненням і стане прыкладам для іншых.
Сяргей РАЙЧОНАК.