Ну як сапраўдныя фігурысткі!

Спорт

Анастасія Сцепаненкава і Маргарыта Ерамеева

Кожны дзень пасля абеду, калі заканчваюцца заняткі ў школе, на гарадскім катку на беразе Дзісны па вуліцы Заслонава з’яўляюцца аматары пакатацца на каньках. У асноўным гэта школьнікі. І ніякія марозы ім нястрашныя. Сярод іншых наведвальнікаў катка, маю ўвагу прыцягнулі дзве дзяўчыны, якія разбегшыся і ўзяўшыся за рукі, як сапраўдныя фігурысткі, закружыліся па лёдзе . Гэта аказаліся сямікласніцы з Шаркаўшчынскай СШ № 1 Анастасія Сцепаненкава і Маргарыта Ерамеева. Аказваецца, на лёдзе дзяўчаты не так даўно, але ўжо навучыліся даволі добра катацца і цяпер удасканальваюць свае навыкі.

Што казаць, катанне на каньках карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод юных шаркаўчан і вялікі (120 на 80 метраў) каток практычна ніколі не пустуе.

— Канькоў у нас хапае, — расказвае Валянціна Іванаўна Ярмоленка, якая адказвае за іх пракат. — Шмат хто прыходзіць з уласнымі, яны цяпер не так шмат каштуюць, і бацькі могуць дазволіць набыць іх. Пракат канькоў працуе з 14 да 22 гадзін, выхадны — панядзелак. Канечне, у выхадныя на каток прыходзіць болей наведвальнікаў. А асабліва шмат іх было ў час школьных канікул і навагодніх святаў. Часам даходзіла і да 80 чалавек. Накатаўшыся  на каньках, у нас можна падмацавацца: прадаюцца піражкі, піцы, чабурэкі, кандытарскія вырабы, ёсць гарачы чай.

Пачынае змяркацца, але актыўны рух на катку толькі пачынаецца: уключаецца асвятленне, гучыць музыка і падыходзяць усё новыя аматары гэтай цудоўнай зімовай забавы.

Андрэй БУРЭЦ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *