Святочнае шэсце Дзедаў Марозаў у Шаркаўшчыне

Главное

Зусім хутка ўсе мы сустрэнем самае чароўнае і казачнае свята — Новы год. І дзеці, і дарослыя чакаюць спаўнення сваіх запаветных мар і жаданняў. Яно і не дзіўна, бо кожны з нас верыць у гэта. А наблізіць чароўную казку нам дапамагаюць Дзед Мароз са сваёй унучкай Снягуркай.
У нашым раённым цэнтры ўжо стала традыцыяй правядзенне святочнага шэсця галоўных герояў свята па цэнтральных вуліцах Маякоўскага і Энгельса. Вось і сёлета 22 снежня а шаснаццатай гадзіне дня каля райвыканкама сабраліся людзі, пераапранутыя ў касцюмы Дзеда Мароза, Снягуркі, іншых казачных персанажаў. Разам пад гучную і вясёлую музыку яны дружна рушылі да пляцоўкі каля раённага Цэнтра культуры, дзе прайшло святочнае адкрыццё калядных і навагодніх мерапрыемстваў, а таксама ўрачыстае запальванне агеньчыкаў на галоўнай ёлцы раёна. Дзеці і дарослыя вадзілі карагоды вакол “зялёнай прыгажуні”, спявалі песні, танчылі.
Потым са сцэны шаркаўчан віталі Дзяды Марозы і Снягуркі, якія прадстаўлялі арганізацыі і ўстановы гарадскога пасёлка і раёна. Да змяркання гучала музыка. Работнікі ўстаноў культуры праводзілі для прысутных гульні, забаўляльныя конкурсы. А ўдзельнікі народнага клуба нацыянальнай кухні “Груца” Радзюкоўскага СДК прапанавалі гарачую гарбату ўсім жадаючым.
Сяргей РАЙЧОНАК.