Сумесны рэйд інспекцыі Дзяржпажнагляду РАНС і раённай энергаэнспекцыі па праверцы супрацьпажарнага стану ў жылых дамах

Актуальное

Аляксандр Клімантовіч запісвае паказальнікі лічыльніка ў адным з правяраемых дамоў

Заўсёды з надыходам зімы абвастраецца сітуацыя з пажарамі. Толькі за мінулы месяц у раёне адбылося 5 пажараў, на якіх загінулі 4 чалавекі. Сітуацыя патрабуе надання праблеме вялікай увагі, а прафілактычнай рабоце па пярэджанні пажараў яшчэ большага маштабу. У нашым раёне адпаведнымі службамі рэгулярна праводзяцца праверкі супрацьпажарнага стану. У адным з рэйдаў у складзе інспектара інспекцыі Дзяржпажнагляду РАНС Леаніда Фаміча Брылёва і інспектара Шаркаўшчынскай раённай энергаінспекцыі Аляксандра Аляксандравіча Клімантовіча паўдзельнічаў наш карэспандэнт.

Рэйд праходзіў па тэрыторыі Германавіцкага сельсавета, правяраўся стан печаў, электраправодкі, электраабсталявання ў жылых дамах і індывідуальных будынках грамадзян.

Заходзім у дом у населеным пункце Белы двор. Тут пражывае пажылы чалавек. Стан з печамі, канечне, не ідэальны, але прымальны. А вось з

жах з каробкай разгалінавання — няма накрыўкі, і яна зацягнута павуцінай

электраправодкай, як гаворыцца, увесь букет парушэнняў. Правады праведзены няправільна, на каробцы разгалінавання няма накрыўкі, і яна пакрыта павуцінай. І самае галоўнае: Аляксандр Клімантовіч адкручвае электрычны засцерагальнік і дэманструе нам — “жучок”. Так называецца ў прастамоўі самаробны засцерагальнік, выкарыстанне якога можа прывесці да пажараў і наяўнасць якога караецца без ніякіх пытанняў. Гаспадар, пашукаўшы, дастае з шуфляды нармальны засцерагальнік, але адказнасці з яго гэта не здымае. Інспектар садзіцца за складанне акта абследавання і спіса заўважаных парушэнняў. Усе яны трапляюць пад артыкул 20.12 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях “Парушэнне правіл эксплуатацыі электронных і цеплавыкарыстоўваючых установак”. Прадугледжана  пакаранне ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь. Цяпер грамадзяніну давядзецца устараніць недахопы і заплаціць штраф – адзін мільён рублёў.

Наступны прыпынак у вёсцы Дзікева. У адным з правяраемых дамоў таксама хапае парушэнняў, але яны не такія сур’ёзныя. У печы ёсць невялікая трэшчына, праводка заклеена шпалерамі, на каробцы разгалінавання няма накрыўкі. Тут ужо за напісанне акта абследавання садзіцца прадстаўнік РАНС Леанід Брылёў. Трэба сказаць, што калі спецыялісты энергаінспекцыі маюць права аштрафаваць за заўважаныя парушэнні толькі на мільён рублёў і ніяк не меней, то выратавальнікі маюць большую варыятыўнасць штрафаў. Так, напрыклад, заўважаныя ў дадзеным выпадку недахопы, могуць спустошыць кашалёк на 5 базавых велічынь. Але, тлумачыць інспектар гаспадарам,  калі яны аператыўна, на працягу некалькіх дзён, устараняць недахопы і праінфармуюць пра гэта, то пры разглядзе штраф будзе паменшаны да 0,5 базавай. Пры такіх умовах, думаецца, у гаспадара хутка знойдзецца час і “дойдуць рукі”, каб зрабіць усё згодна з правіламі.

— Перад намі не стаіць задача  аштрафаваць людзей на вялікія грошы, — гаворыць Леанід Брылёў. — Наша асноўная мэта, каб заўважаныя недахопы былі аператыўна выпраўлены. Іншая справа, калі чалавек не рэагуе на нашы прадпісанні, тады будзе пакараны па ўсёй строгасці.

Заязджаем у яшчэ адзін дом, злосных парушэнняў не заўважаецца, але зноў жа, замест нармальнага засцерагальніка стаіць “жучок”.

прыклад таго, як не трэба — па-першае, ёсць трэшчыны, а па-другое, перад печчу ні ў якім разе не павінна быць дроў і смецця

— Ды не ведаю, гэта муж ставіў, — разгублена тлумачыць гаспадыня наяўнасць супрацьзаконнай прылады ў лічыльніку і сумна глядзіць, як Аляксандр Клімантовіч пачынае запаўняць адпаведныя паперы. Сумаваць ёсць чаго: мільён рублёў штрафу — сума значная для сямейнага бюджэту.

Плануецца, што такія сумесныя рэйды будуць праходзіць рэгулярна і ахопяць усе сельсаветы раёна.

Дададзім, што ў рэйдзе ўдзельнічаў участковы інспектар Германавіцкага сельсавета Міхаіл Барысавіч Андрэеў. У яго была свая задача — ён шукаў нелегальны алкаголь. У вёсцы Чарамхова яго пошукі мелі поспех, у адным з дамоў выяўлены і канфіскаваны 1,5 літра самагону. Па дадзеным факце распачаты адміністрацыйны працэс.

Андрэй БУРЭЦ

такія вось "жукі" могуць каштаваць гаспадару 1 мільён рублёў
нельга, каб у памяшканні два балоны стаялі побач


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *