Крывавы след вайны… Ён не толькі абазначаны помнікамі і абеліскамі на нашай шматпакутнай зямлі. Крывавы след вайны смуткам і жалем верэдзіць душы ўсіх пасляваенных пакаленняў, бо няма ў Беларусі сям’і, якая б не страціла кагосьці з блізкіх у гэта страшэннае ліхалецце.
Выстава , якая экспануецца ў мастацка-этнаграфічным музеі імя Язэпа Драздовіча, — гэта даніна памяці мірным жыхарам, закатаваным нямецка-фашысцкімі карнікамі. Толькі ў Шаркаўшчынскім раёне ахвярамі генацыду сталі 2027 грамадзян.
Фотаздымкі месцаў пахавання мірных грамадзян у Шаркаўшчыне, Лужках, Іёдах, Шыцях, Радзюках, вытрымкі з кніг з успамінамі відавочцаў знішчэння беларускага народа нямецка-фашысцкімі захопнікамі дазваляюць зразумець, якія жахлівыя выпрабаванні выпалі на долю беларусаў. Дапамагаюць экскурсантам убачыць жахлівыя старонкі генацыду творы беларускіх мастакоў У. М. Маяка, У. М. Вальнова, А. А. Саўчанкі, В. В. Шамшура, А. Н. Роліка, В. Ф. Крука.
Карціны былі перададзены ў часовае карыстанне кіраўніком культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча Адай Эльеўнай Райчонак. На выставе прадстаўлены ўнікальныя экспанаты: карта-схема мястэчка Германавічы, якая датуецца 1941 годам, фотаздымкі і дакументы жыхароў Германавіч даваеннага часу (Францішка Цімафеевіча Кунцэвіча і Тэатына Паўлавіча Ротт-Жэброўскага). Матэрыялы іх рукапісных кніг ляглі ў аснову віртуальнай экскурсіі “Шляхамі памяці і смутку: лёс жыхароў мястэчка Германавічы ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.
Павага да жывых пачынаецца з павагі да памяці пра былыя пакаленні. Памятаць і ўшаноўваць імёны тых, хто загінуў на вайне, — высакародны і ганаровы абавязак кожнага чалавека. Захаванне гістарычнай памяці, зберажэнне міру — асноўны лейтматыў выставы “Без тэрміну даўнасці”, якую ўжо наведалі супрацоўнікі ўстаноў культуры раёна, а таксама экскурсанты з Мінска і Віцебска.
І . ПУЧЫНСКАЯ,
навуковы супрацоўнік мастацка-этнаграфічнага музея імя Язэпа Драздовіча.




