21 лютага ў дзіцячай бібліятэцы прайшла сустрэча кіраўніцтва раёна з маладзёжным і ветэранскім актывам. На сустрэчы прысутнічалі старшыня райвыканкама Дзмітрый Ламака, яго намеснік Юрый Васілеўскі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, генеральны дырэктар камунальнага праектна-рамонтна-будаўнічага ўнітарнага прадпрыемства “Віцебскаблдарбуд” Уладзімір Матвееў і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі равыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Людміла Стома.
— Перад беларусамі стаіць важная задача — захаваць суверэнітэт сваёй дзяржавы, надаць новы імпульс эканамічнаму развіццю краіны і забяспечыць стабільнасць палітычнай і сацыяльнай сістэм, — з такімі словамі да прысутных звярнуўся Дзмітрый Міхайлавіч Ламака. — А справіцца з гэтай задачай дапаможа абноўленая Канстытуцыя, якая, несумненна, адыграе ролю стабілізіруючага фактара ў Беларусі з улікам сучасных выклікаў. Таму кожны чалавек, які паважае сябе і сваю краіну, павінен прыняць удзел у рэферэндуме.
Многія з прысутных цікавіліся перспектывамі сацыяльна-эканамічнага развіцця Шаркаўшчынскага раёна. Старшыня райвыканкама падрабязна расказаў, што ў хуткім будучым плануецца для гэтага зрабіць.
— Канечне, многае будзе зроблена ў межах падрыхтоўкі гарадскога пасёлка да абласнога свята-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, які плануецца правесці ў Шаркаўшчыне ў наступным годзе, — сказаў Дзмітрый Міхайлавіч. — Гэта рамонт вуліц, аб’ектаў сацыяльнай сферы, жылога фонду і так далей. Але ўжо сёння мы займаемся пытаннямі добраўпарадкавання, складаннем адпаведнай праектна-каштарыснай дакументацыі.
— Рэферэндум, які адбудзецца 27 лютага, — лёсавызначальная падзея для нашай краіны, — сказаў у сваім выступленні Уладзімір Сямёнавіч Матвееў. — У яго межах мы вызначым, як Беларусь будзе развівацца ў будучым. Для гэтага трэба паступальна рухацца наперад, захоўваючы стабільнасць. Упэўнены, што новы праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі накіраваны менавіта на гэтыя мэты.
— У нашай краіне створаны трывалы механізм дапамогі людзям, узаемападтрымкі, забеспячэння сацыяльнай справядлівасці, — выказаўся Юрый Анатольевіч Васілеўскі. — Мы павінны адказна адносіцца да свайго грамадзянскага абавязку, каб захаваць усё тое, што было створана для народа Беларусі. Ад нашага непасрэднага волевыяўлення будзе залежыць прыняцце новай, адаптаванай пад сацыяльныя рэаліі і патрабаванні часу Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
— 27 лютага нам трэба абавязкова прыйсці на ўчасткі для галасавання, каб праявіць салідарнасць, агульнымі намаганнямі садзейнічаць захаванню нацыянальнага суверэнітэту, культурных і духоўных традыцый, стабільнасці і згоды ў грамадстве, — такое меркаванне выказала ў заканчэнні сустрэчы Людміла Уладзіміраўна Стома.
У той жа дзень Уладзімір Сямёнавіч Матвееў у будынку райвыканкама правёў “прамую тэлефонную лінію” і прыём грамадзян.
Сяргей РАЙЧОНАК.