Аматарскае аб’яднанне “Душэўная ўтульнасць” выступіла ў вёсках Чарамхова і Людвінова

Актуальное

удзельнікі аб'яднання разам з жыхарамі вёскі Чарамхова

Колькі раскідана маленькіх вёсачак па нашым раёне. Асноўныя іх жыхары — пажылыя людзі, жыццё якіх не надта багатае на падзеі. Часам збяруцца яны пагаварыць, успомніць тыя часы, калі жыло ў вёсцы шмат насельнікаў, калі жыццё было вясёлае і былі сілы, умелі працаваць і адпачываць. Не тое, што цяпер…

Менавіта для таго, каб разнастаіць жыццё, узняць настрой іх жыхарам, і працуе аматарскае аб’яднанне “Душэўная ўтульнасць”, створанае пры аўтаклубе раённага метадычнага цэнтра. Яго ўдзельнікі аб’язджаюць такія вёсачкі і даюць  невялікія канцэрты. Летам, калі цёпла, імправізаванае прадстаўленне праходзіць проста на вуліцы, а зімой жыхары вёскі запрашаюць у хату.

У адзін з лютаўскіх дзён ўдзельнікі аб’яднання Аксана Сініца, Канстанцін Мілянцей, Вікторыя Сяткоўская і Галіна Пятроўна Сафончык разам з загадчыцай Зоркаўскага сельскага клуба Ірынай Хаданёнак пабывалі ў вёсках Чарамхова і Людвінова. У праграме, якую прапануюць гледачам артысты, добра вядомыя і любімыя пажылымі людзьмі песні, а таксама вершы і байкі, гумарыстычныя сцэнкі, карысная і цікавая інфармацыя. Вядома, не абыходзіцца і без вясёлых частушак, да выканання якіх артысты прапануюць далучыцца і аўдыторыю.

— Я заўсёды кажу нашым гледачам, — расказвае Галіна Пятроўна Сафончык. — Не так важна, каб паслухалі наша выступленне, як тое, каб вы самі праспявалі разам з намі, ну хаця б тыя самыя частушкі. Бо песня з’яўляецца найлепшымі лекамі, спяваючы, чалавек маладзее душой, адпачывае.

І ў гэты раз яна звяртаецца да пажылых людзей з просьбай праспяваць вядомыя ім частушкі. Але яны, відаць, саромеючыся, адмаўляюцца, маўляў, старыя мы ўжо, каб частушкі спяваць. А вось некаторым песням, якія выконвалі артысты, ахвотна падпявалі.

а ў вёсцы Людвінова жанчыны часам і падпявалі артыстам

Развітваючыся, жыхары вёскі Чарамхова (а гэта Ірына Кліменцьеўна Яроменак, Зінаіда Міхайлаўна Сініца, Сафія Васільеўна Струй, Вера Фамічна Протас, Павел Піліпавіч Белавус, Яўгенія Восіпаўна Маслоўская) папрасілі выказаць праз раённую газету словы падзякі самадзейным артыстам за праведзены канцэрт, які стаў цікавай падзеяй для сяльчан. Прыйшлася даспадобы творчасць аб’яднання і жыхарам вёскі Людвінова Ліліі Ануфрыеўне Кожан (у яе доме і праходзіў імправізаваны канцэрт), Лідзіі Вікенцьеўне Ананчанка, Эміліі Кандрацьеўне Сякеркінай, Сафіі Іосіфаўне Сініцы, Але Пятроўне Харытонавай, Валянціне Іванаўне Будзе.

— Прыязджайце да нас летам, — запрасілі яны артыстаў.  — Будзе цяплей тады і людзей болей збярэцца. Абавязкова прыязджайце.

А дзейнасць аматарскага аб’яднання «Душэўная ўтульнасць» працягваецца, наперадзе шмат новых цікавых сустрэч з удзячнымі гледачамі.

Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *