Пракурор Шаркаўшчынскага раёна Валерый Дайлідзёнак расказвае пра факты генцыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны

2022 — Год гістарычнай памяці

Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь з дазволу кіраўніка дзяржавы ўзбуджана крымінальная справа па факце генацыду нацыянальных і іншых груп, учыненага на тэрыторыі БССР нацысцкімі злачынцамі ў перыяд 1941—1945 гадоў і ў пасляваенны час.
5 студзеня 2022 года Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка падпісаў Закон № 146-З “Аб генацыдзе беларускага народа”. Законам прадугледжваецца юрыдычнае прызнанне генацыду беларускага народа, учыненага нацысцкімі злачынцамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд (да 1951 года). Пад беларускім народам разумеюцца ўсе савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі БССР у дадзены перыяд.
У мэтах патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення пракурор Шаркаўшчынскага раёна Валерый Дайлідзёнак правёў шэраг сустрэч з вучнямі старэйшых класаў школ гарадскога пасёлка і раёна з мэтай данясення інфармацыі па фактах зверстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, іх пасобнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны не толькі ў Беларусі ў цэлым, але і ў нашым раёне ў прыватнасці.
У Германавіцкім мастацка-этнаграфічным музеі імя Язэпа Драздовіча аформлена выстава “Без тэрміну даўнасці”, прысвечаная тэме генацыду беларускага народа. Выставу наведаў і пракурор Шаркаўшчынскага раёна Валерый Дайлідзёнак. Для яго, а таксама для вучняў старэйшых класаў Германавіцкай ДС—СШ навуковы супрацоўнік установы культуры Іна Пучынская правяла экскурсію па дзеючай тэматычнай экспазіцыі. Яна ж з дапамогай мультымедыйнай устаноўкі прадэманстравала тэматычную віртуальную экскурсію “Шляхамі памяці і смутку”, складзеную на аснове ўспамінаў былых жыхароў Германавіч. Прысутныя змаглі ўбачыць на экране фотаздымкі месцаў пахавання нявінна забітых у гады вайны мірных грамадзян на тэрыторыі нашага раёна. Іна Сямёнаўна расказала пра кожны са слайдаў, на якіх адлюстраваны помнікі, абеліскі і мемарыяльны комплекс, размешчаны каля аграгарадка Шыці.
У другой частцы мерапрыемства перад прысутнымі выступіў пракурор Шаркаўшчынскага раёна Валерый Дайлідзёнак. Ён падрабязна расказаў пра ход расследавання крымінальнай справы па фактах здзяйснення нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх пасобнікамі генацыду мірнага насельніцтва на тэрыторыі БССР. Асобна Валерый Міхайлавіч паведаміў, як працуе ў гэтым накірунку пракуратура Шаркаўшчынскага раёна. Таксама ён перадаў установе культуры для размяшчэння ў дзеючай музейнай экспазіцыі копіі матэрыялаў крымінальнай справы па факце генацыду.
Сяргей РАЙЧОНАК.