35-годдзе з моманту стварэння адзначыла Шаркаўшчынская раённая ветэранская арганізацыя

Общество

У сакавіку споўнілася 35 год ветэранскаму руху нашай краіны. Шаркаўшчынская раённая ветэранская арганізацыя таксама вядзе свой адлік з 1987 года. Юбілейнай даце заснавання гэтага грамадскага аб’яднання быў прысвечаны ўрачысты сход, які прайшоў 5 красавіка ў раённым Цэнтры культуры.
На мерапрыемства былі запрошаны кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, намеснікі кіраўнікоў арганізацый па ідэалагічнай рабоце і, канечне ж, ветэраны.
— Дарагія і паважаныя ветэраны, ад усёй душы віншую вас са знамянальнай датай — 35-годдзем стварэння Шаркаўшчынскай раённай ветэранскай арганізацыі, — сказаў у сваёй прамове старшыня райвыканкама Дзмітрый Міхайлавіч Ламака. — 30 год — гэта яшчэ маладосць. Вы па-ранейшаму маладыя душой, але ў кожнага за плячамі багаты жыццёвы і працоўны вопыт. Усе ветэраны вайны, якіх, на жаль, ужо няма сярод нас, ветэраны працы ўнеслі свой значны ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, вобласці і краіны. Многія з вас яшчэ і сёння ў страі. Менавіта вы праводзіце актыўную грамадскую дзейнасць, накіраваную на духоўнае і патрыятычнае выхаванне моладзі. Выказваю словы вялікай удзячнасці тым, хто стаяў каля вытокаў стварэння арганізацыі, прымаў і прымае актыўны ўдзел у яе рабоце. Вы заслужылі павагу і пашану ў нашым грамадстве.
— Шаркаўшчынская раённая ветэранская арганізацыя была створана 12 сакавіка 1987 года, — сказала ў час свайго выступлення яе старшыня Ірына Генадзьеўна Міхалёнак. — У яе склад уваходзяць 29 пярвічных арганізацый з агульнай колькасцю 2559 чалавек. У свой час арганізацыю ўзначальвалі паважаныя і вопытныя кіраўнікі — Аляксей Лук’янавіч Танканог, Пётр Макаравіч Баранаў, Антон Войцавіч Ружа, Валяр’ян Уладзіміравіч Грыневіч, Вячаслаў Антонавіч Хадасевіч, Уладзімір Пятровіч Слабовіч. На жаль, іх ужо няма сярод нас. Дзесяць год адпрацавала старшынёй арганізацыі Галіна Мікалаеўна Філатава.
Сёння актыўную грамадзянскую пазіцыю ў справе патрыятычнага выхавання моладзі праяўляюць старшыні пярвічных ветэранскіх арганізацый прадпрыемстваў і ўстаноў раёна, ветэраны працы з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Сярод іх трэба вылучыць Мікалая Васільевіча Косара, Віктара Віктаравіча Багінскага, Вадзіма Андрэевіча Мядзельца, Алега Вячаслававіча Ліпскага, Ядзвігу Баляславаўну Чарвінскую, Уладзіміра Якаўлевіча Мілянцея і іншых. Многія з іх атрымалі Падзякі старшыні райвыканкама ў час урачыстасці.
Павіншаваць ветэранскую арганізацыю з юбілеем на свята завіталі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” Іна Шынкевіч, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, намеснік старшыні раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Тэрэза Міштоўт.
Спецыялісты РЦК і ўстаноў культуры раёна падарылі прысутным цудоўны канцэрт, дзе гучалі патрыятычныя песні, прысвечаныя нашай Беларусі.
У фае раённага Цэнтра культуры напрыканцы мерапрыемства ветэраны яшчэ доўга вялі паміж сабой размовы з сябрамі і знаёмымі, дзяліліся ўспамінамі пра той час, калі разам працавалі, разам клапаціліся пра светлае будучае нашага краю. Там жа была арганізавана і выстава-продаж вырабаў работнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
Сяргей РАЙЧОНАК.