Дом сям’і Альшэўскіх ў Падліпках цяпер мае званне дома узорнага парадку

Актуальное

Таццяна Краснадубская ў гасцях у Альшэўскіх

У вёсцы Падліпкі (Лужкаўскі с/с) жывуць Антон Антонавіч і Ангеліна Іванаўна Альшэўскія. Нягледзячы на ўзрост (гаспадару 72 гады, гаспадыні 68), Антон Антонавіч разам з Ангелінай Іванаўнай падтрымліваюць у належным выглядзе дом, гаспадарчыя пабудовы, парадак у двары. Гэты факт не застаўся незаўважаным. Нядаўна старшыня Лужкаўскага сельскага Савета Т. М. Краснадубская пабывала ў гасцях у Альшэўскіх і выканала прыемную місію — уручыла гаспадарам шыльду з надпісам “Дом узорнага парадку”. Па словах Таццяны Мікалаеўны, Антон Антонавіч і Ангеліна Іванаўна робяць усё магчымае, каб іх дом быў упрыгожваннем невялічкай вёсачкі.

напамін аб працоўных дасягненнях

Як высветлілася, гаспадары не баяцца працы, бо прывучаны да яе з малых гадоў. Антон Антонавіч мае за плячыма 46 гадоў працоўнага стажу — быў трактарыстам, вадзіцелем збіраў малако. З 17 гадоў давялося працаваць на ўборцы збожжа на цаліне. У калгасе Антон Антонавіч быў ударнікам камуністычнай працы, пераможцам працоўных спаборніцтваў, узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”, знакам “Ударнік”.

Ангеліна Іванаўна жыццё прысвяціла школе — выкладала ў пачатковых класах ва Улінаўскай БШ.

—    Дом будаваў у 1966—1967 гадах, — расказвае Антон Антонавіч. — Жыў разам з маці, бацька памёр у 1965 годзе. У 1967 годзе ажаніўся. Пасля мая маці жыла разам з намі 20 гадоў. Адметна, што раней паблізу стаяў бацькоўскі дом.

У размове высветліўся цікавы факт — Антон Антонавіч прымаў актыўны ўдзел у будаўніцтве капліцы на мясцовых могілках. Гэта справа вельмі важная і аднавяскоўцы даручылі яе выдатнаму арганізатару і будаўніку.

Капліца на могілках

Антон Антонавіч з Ангелінай Іванаўнай падтрымліваюць парадак у доме і ў двары для сябе. Гэта падабаецца і блізкім, якія часта іх адведваюць. Дачка Клара зрабіла жыццёвы выбар пад уплывам маці — працуе настаўніцай пачатковых класаў у Лужкаўскай СШ. Дачка Іна выкладае геаграфію ў гімназіі ў Глыбокім. Сын Сяргей працуе начальнікам службы інкасацыі ў Белаграпрамбанку.

Дом Альшэўскіх

І сапраўдны гонар для дзядулі і бабулі — пяцёра ўнукаў. Вадзім займаецца ў аспірантуры — ён будучы інжынер-тэхнолаг. Ігар вучыцца ў тэхналагічным універсітэце. Вольга — студэнтка трэцяга курса факультэта журналістыкі. Уладыслаў вучыцца ў 9 класе. А самай маленькай унучцы Марыі толькі тры годзікі. Усе яны вельмі любяць прыязджаць у госці да бабулі і дзядулі ў Падліпкі, якія асабліва прыгожыя вясной і летам.

Аляксандр БАРЫЛА, фота Марыны ЖАКАЎКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *