
Дзень справаздачнага сходу для сельскіх працаўнікоў заўсёды быў і застаецца святам. Усе галіны вытворчасці вылучаюць сваіх дэлегатаў на сход. Іх працу на той час выконваюць іншыя работнікі, бо не павінен спыняцца цыкл работ, асабліва ў жывёлагадоўлі.
Падводзіліся вынікі года 7 сакавіка і ў ААТ “Васюкі”.
Усе 70 дэлегатаў ад галін вытворчасці акцыянернага таварыства ўважліва слухалі справаздачу дырэктара Віктара Мар’янавіча Арцюшэўскага, дапаўнялі яго, выказвалі свае меркаванні, праблемы, падказвалі шляхі іх выпраўлення.
Дакладчык спыняўся больш на негатыўных з’явах, і тым не менш не абыходзіў і станоўчыя бакі дзейнасці калектыву.
Як паведаміў Віктар Мар’янавіч, не з усімі паказчыкамі вяскоўцы справіліся. Аднак адзін з важнейшых — тэмпы росту валавай прадукцыі — выканалі на 121, пры заданні 120 працэнтаў. Вытворчасць валавай прадукцыі склала 133 пры заданні 120 працэнтаў.

Ураджайнасць зерневых атрымалі 28,8 цэнтнера на круг, што на 9,5 больш папярэдняга года. Добры вырас рапс, якога рэалізавалі дзяржаве 452 тоны. Гэта ўсё радавала. Аднак на заключным этапе пры ўборцы культур панеслі страты. Намалацілі збожжа шмат, а давесці да ладу сваімі сіламі не змаглі з-за адсутнасці сушыльнай гаспадаркі. Пакуль вазілі на дасушку па іншых гаспадарках раёна, здабыткі змяншаліся. Пераканаліся, што трэба мець уласную сушылку для зерня і неадкладна заняцца яе ўзвядзеннем. Маглі мець і больш зерня, каб тэрміны ўборкі адпавядалі б аптымальным — 15 дзён, а не зацягнуліся на месяц.
Урадлівая глеба сельгаспрадпрыемства не дала патрэбнай аддачы, таму што не заўсёды захоўваліся тэхналагічныя працэсы пры выкананні таго ці іншага аграпрыёму. У прыватнасці, на асобных участках дрэнна выраблялася глеба. Несвоечасова праводзіліся работы па догляду пасеваў. Неэфектыўна выкарыстоўвалася энерганасычаная тэхніка.
Назапашана было на зімова-стойлавы перыяд травяністых кармоў па 23,7 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Гаспадарка аказвала дапамогу вяскоўцам у нарыхтоўцы сена для ўласнага статка.
За прайшоўшы год атрымана 2378 тон малака, што склала 119,5 працэнта да папярэдняга года пры надоі на карову па 4755 кілаграмаў. І тут ёсць нявыкарыстаныя рэзервы, бо ферма Жданы змагла ж надаіць па 5203 кілаграмы малака ад кожнай каровы.
За год рэалізавана дзяржаве 55 працэнтаў малака гатункам экстра і 40 — вышэйшым. Таварнасць яго склала 90 працэнтаў. Атрымана выручка па гаспадарцы 15525 мільёнаў рублёў. З гэтай сумы 41 працэнт складае рэалізацыя малака. Прыбытак ад гэтага склаў 1367 мільёнаў рублёў пры рэнтабельнасці 27,4 працэнта. Аднак паказчыкі маглі быць і лепшымі. Праблемным застаецца вытворчасць мяса з-за нізкіх прываг жывёлы, невытворчае выбыццё пагалоўя, дрэнная захаванасць маладняку і недастатковае ўзнаўленне статка.
Рэалізавана дзяржаве 119 тон мяса, прычым вышэйшай укормленасці — 66 і сярэдняй — 6,4 працэнта. Ад рэалізацыі мяса атрымалі 2088 мільёнаў рублёў. Прыбытак склаў 67 мільёнаў пры станоўчай рэнтабельнасці 3,3 працэнта.
Застаюцца высокімі затраты кармоў на 1 цэнтнер атрыманай прадукцыі. Трэба паляпшаць іх якасць шляхам увядзення ў структуру пасеваў кармавых, зернебабовых культур.
Прыбытак ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі склаў 797 мільёнаў рублёў пры рэнтабельнасці 5,9 працэнта. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі ў параўнанні з папярэднім годам павялічылася на 261 працэнт. Гэта, у асноўным, за кошт павышэння закупачных цэн на сельгаспрадукцыю.
Фінансавыя праблемы заключаюцца ў тым, што выручкі пакуль не хапае для вядзення расшыранай вытворчасці. І тады даводзіцца браць пазыку ў дзяржбанку пад пэўныя працэнты. Шляхі вырашэння праблемы — павышэнне прадукцыйнасці земляробства і жывёлагадоўлі, а значыць, захаванне ўсіх патрабаванняў правільнага вядзення сельскагаспадарчай вытворчасці.
І як бы там ні было, галоўную ролю ў вытворчасці прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі адыгрывае чалавечы фактар.
У заключэнні свайго выступлення дырэктар гаспадаркі назваў прозвішчы лепшых працаўнікоў. 20 чалавек узнагародзіў Ганаровымі граматамі дырэкцыі гаспадаркі і грашовымі прэміямі па 500 тысяч рублёў кожнаму. Сярод іх В. М. Буйчонак, І. М. Андрэйчык, Г. А. Руткоўская, Н. В. Корзун, С. В. Ганчар, М. П. Чабатаронак, А. М. Гуліеў, В. С. Ярмош, А. М. Ласоўскі, П. Б. Курыловіч, А. М. Змітровіч, В. П. Рымдзёнак, Д. П. Фёдараў, І. І. Зялёнка, Б. К. Андрэйчык, П. М. Лалыка.

На сходзе былі прыняты павышаныя, але выканальныя задачы на бягучы год у галінах жывёлагадоўлі і раслінаводства.
На завяршэнні перад прысутнымі выступілі самадзейныя артысты сельскага Дома культуры — знакаміты гурт “Каліна”.
Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.