
23 сакавіка ўсе метэаролагі адзначаюць сваё прафесійнае свята. У Шаркаўшчыне таксама ёсць свая аграметэаралагічная станцыя. Калектыў яе невялікі, усяго 8 чалавек. Ён складаецца з начальніка станцыі — Фаіны Аркадзьеўны Цывунчык, двух інжынераў-аграметэаролагаў — Юрыя Леанідавіча Грыцкевіча і Андрэя Уладзіміравіча Пузікава, чатырох тэхнікаў-метэаролагаў — Ліі Аркадзьеўны Свірковіч, Валянціны Вацлаваўны Буртовіч, Еўдакіі Іванаўны Сташулёнак і Сяргея Уладзіміравіча Цывунчыка. Яшчэ ёсць назіральнік паста і гідролаг — Уладзімір Васільевіч Юдаш. Гэтыя людзі выконваюць важную і патрэбную працу: кожны дзень збіраюць звесткі аб умовах надвор’я і адпраўляюць матэрыял у рэспубліканскі гідраметэаралагічны цэнтр. У сваю чаргу там састаўляюць сінаптычныя карты і дасылаюць дадзеныя у Шаркаўшчыну. Акрамя гэтага на станцыі вядуцца назіранні за ходам і ўмовамі росту селькагаспадарчых культур. Дадзеныя аб гэтым таксама дасылаюцца ў спецыялізаваныя цэнтры, каб потым забяспечыць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы інфармацыяй аб стане пасеваў.
У сувязі з прафесійным святам начальнік станцыі Фаіна Аркадзьеўна віншуе ўсіх супрацоўнікаў і былых работнікаў, жадае моцнага здароўя, поспехаў у працы і стараннасці ў карпатлівай рабоце метэаролага.
Марына ЖАКАЎКА, фота аўтара.
