Падвядзены вынікі рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі за 2012 год ў цэнтральнай раённай бальніцы

Актуальное

маладыя актывісты Шаркаўшчынскай ЦРБ

Падвядзенне вынікаў рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі за 2012 год прайшло ў цэнтральнай раённай бальніцы. Ва ўтульнай актавай зале сабраліся маладыя спецыялісты — урачы, сярэдні медперсанал. Спачатку быў прадэманстраваны слайд-фільм пра будні і святы, працу і адпачынак моладзі шаркаўшчынскіх устаноў аховы здароўя.

У дакладзе намесніка галоўнага ўрача ЦРБ М. В. Манкевіча была агучана інфармацыя аб арганізацыі работы па рэалізацыі маладзёжнай палітыкі. Так, ва ўстановах аховы здароўя працуюць 50 чалавек ва ўзросце да 31 года. За мінулы год працаўладкавалася 15 чалавек моладзі. Па накіраванню прыйшлі працаваць 4 урачы і 7 работнікаў сярэдняга персаналу. Службовае жыллё выдзелена чатыром маладым спецыялістам. Ім аказана дапамога ў рашэнні бытавых праблем — за сродкі ЦРБ набыты халадзільнік, ложкі і іншая мэбля.

У 2012 годзе ў адпаведнасці з планам работы праведзены маладзёжныя спаборніцтвы ў працоўным калектыве “Лепшы па прафесіі”. Пераможцай сярод маладых спецыялістаў стала хірург Аксана Селіванава. Медсястра паліклінічнага аддзялення Святлана Машнюк — лепшы ўдзельнік культурна-масавых мерапрыемстваў. Лепшай маладой спартсменкай па выніках мінулага года стала эканаміст Юлія Лук’янёнак. А лепшым удзельнікам спартыўных секцый і гурткоў — медсястра паліклінікі Кацярына Бука. Па выніках агляду-конкурсу паліклінічнае аддзяленне стала пераможцай сярод структурных падраздзяленняў ЦРБ. Усе прызёры ўзнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі.

Немалаважную ролю ў культурным жыцці моладзі адыгрывае прафкам. Так, на ўмацаванне матэрыяльнай базы, правядзенне мерапрыемстваў скарыстана звыш 14 мільёнаў рублёў прафсаюзных сродкаў. Дадаткова на гэтыя ж мэты было выдзелена ў мінулым годзе амаль 25 мільёнаў рублёў з бюджэту. Згадзіцеся, лічба ўнушальная!

Таму і галоўны ўрач С. Т. Стома, уручаючы грашовыя прэміі лепшым маладым спецыялістам, пажадаў і ў далейшым трымаць на высокай адзнацы гонар раённай бальніцы, дасягнення новых перамог у конкурсах і спаборніцтвах, актыўнай жыццёвай пазіцыі!

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *