У пяцьдзясят пяты раз у нашых суседзяў 4 і 5 чэрвеня прайшло Міжнароднае свята “Браслаўскія зарніцы”. Традыцыйна яно сабрала вялікую колькасць гледачоў. Мерапрыемствы прайшлі ярка і запамінальна.
Як і ў мінулыя гады, у свяце прынялі ўдзел шаркаўчане: майстры народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў “Талака” раённага цэнтра рамёстваў і настаўнік Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў Іван Русецкі.
Разнастайныя мерапрыемствы прайшлі ў двух месцах — на Замкавай гары і ў Леснічоўцы. На Замкавай гары адбыўся самабытны фестываль сярэдневяковай культуры “Меч Брачыслава”, дзе прайшлі паказальныя баі ўдзельнікаў гістрычных клубаў. Тут жа аматары даўніны дэманстравалі рэканструкцыю сярэдневяковага быту, кухні. Народныя майстры праводзілі майстар-класы, продаж сувенірнай прадукцыі. Дарэчы, шмат жадаючых набыць памятныя сувеніры было каля палаткі, дзе размяшчаліся шаркаўшчынскія майстры са сваімі вырабамі.
А сямнаццатай гадзіне ўрачыстым шэсцем з цэнтра горада ў Леснічоўку рушыла калона прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў Браслаўшчыны. Наперадзе ішлі старшыня абсласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня Браслаўскага райвыканкама Вячаслаў Грышчанка, дэпутаты, прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх аб’яднанняў.
У Леснічоўцы адбыліся дзіцячая і дарослая харавыя асамблеі, выступленні вакальных, харэаграфічных і інструментальных ансамбляў Віцебшчыны, Магілёўшчыны, Гомельшчыны, Мінска, а таксама з гарадоў Смаленск і Вялікія Лукі (Расійская Федэрацыя).
Сёлета ў другі раз прайшоў конкурс “БАЯН-БАТЛ/ФЭСТ”, падчас якога шэсць музыкантаў-віртуозаў прадставілі на суд журы і прысутных гледачоў сваё майстэрства ігры на баяне, акардэоне, гармоніку. Удзел у ім прыняў і наш зямляк Іван Русецкі. Трэба сказаць, што наш зямляк выступіў вельмі дастойна. Публіка падтрымлівала яго гучнымі апладысментамі і ўскрыкамі “брава”. Шаркаўчанін спыніўся ў адным кроку ад перамогі, але гэта Івана не засмуціла, а, наадварот, настроіла на будучыя перамогі.
У 22 гадзіны на галоўнай сцэне свята свае музыку і песні браслаўчанам і гасцям горада падарыў Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”. Іх выступленне стала фінальнай кропкай першага фестывальнага дня. У нядзелю, 5 чэрвеня, святочныя мерапрыемствы ў горадзе прадоўжыліся.
На працягу выхадных дзён у Браславае панавала фестывальная атмасфера. Цяпер усе з нецярпеннем будуць чакаць наступны фестываль, які абавязкова адбудзецца ў 2023 годзе ў старажытным, маляўнічым і гасцінным горадзе Браслаў.
На фестывалі ў Браславе пабываў Сяргей РАЙЧОНАК.