Адным з накірункаў дзейнасці органаў сацыяльнай абароны па працаўладкаванні грамадзян, якія па той ці іншай прычыне засталіся без работы, з’яўляецца перасяленне іх на новае месца жыхарства. Аб тым, якім чынам гэта адбываецца, наша гутарка з намеснікам начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Аленай Міледзьеўнай Хашкоўскай.
— Для чаго ажыццяўляецца перасяленне і хто можа скарыстаць такую магчымасць?
— Перасяленне ажыццяўляецца з мэтай пераразмеркавання працоўных рэсурсаў у сельскую мясцовасць і працаўладкавання грамадзян. Перасяліцца могуць толькі беспрацоўныя ва ўзросце: мужчыны ад 18 да 60 гадоў, жанчыны ад 18 да 55 гадоў, а таксама іх сем’і. Такія беспрацоўныя павінны быць зарэгістраваны ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.
— А як можна даведацца аб тым, дзе і якая работа прадастаўляецца?
— Інфармацыя аб наяўнасці рабочых месцаў з прадастаўленнем жылля маецца ў агульнарэспубліканскім банку дадзеных, якую можна атрымаць ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, а таксама на сайце Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь web@mintrud.gov.by. Абнаўленне вакансій адбываецца кожны дзень.
— У якіх тэрытарыяльных межах ажыццяўляецца перасяленне?
— Падабраць сабе падыходзячую работу па спецыяльнасці з прадастаўленнем жылля чалавек можа як на тэрыторыі нашага раёна, так і па ўсёй рэспубліцы.
— Якія вакансіі на цяперашні час маюцца ў нашым раёне?
— Магчымасць унутрыраённага перасялення ёсць амаль заўсёды. На дадзены момант маюцца вакансіі з прадастаўленнем жылля ў такіх гаспадарках як “Агратэхсэрвіс”, “Ельня-Агра”, “Юдыцына”, “Буеўшчына”, “Васюкі”, “Княж”.
— Раскажыце, калі ласка, якая дапамога аказваецца тым, хто вырашыў перасяліцца?
— Беспрацоўным, якія заключылі дагавор на перасяленне, выплочваюцца грашовыя сродкі ў памеры сяміразовай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму. Зараз БПМ складае 924.150 рублёў. Такім чынам, чалавек атрымае 6 мільёнаў 469 тысяч рублёў. Такая фінансавая падтрымка аказваецца толькі адзін раз.
— Колькі чалавек скарысталі такую магчымасць і былі пераселены, скажам, у мінулым годзе?
— Трэба адзначыць, што дадзены від працаўладкавання становіцца ўсё больш запатрабаваным. Людзі цікавяцца ім і скарыстоўваюць такую магчымасць, каб атрымаць работу. За 2012 год на новае месца жыхарства і працы пераселены чатыры сям’і, большасць з іх у нашым раёне. За пачатак сёлетняга года такую магчымасць ужо скарыстала адна сям’я. Трэба адзначыць, што грамадзяне, якія перасяліліся, павінны абавязкова адпрацаваць на новым месцы адзін год.
— Куды трэба звяртацца, каб атрымаць усю неабходную інфармацыю па дадзенаму пытанню?
— Калі кагосьці зацікавіла магчымасць працаўладкавацца такім чынам, трэба звяртацца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама (кабінет 38 або па тэлефонах: 4-40-63, 4-17-28). Спецыялісты ўпраўлення дадуць усю неабходную інфармацыю.
Гутарыла Людміла ЛАТЫШОНАК.
