
У час вясновых канікул у бібліятэках краіны традыцыйна праходзяць мерапрыемствы, прымеркаваныя да Тыдня дзіцячай і юнацкай кнігі. Са школьнікамі праводзяцца літаратурныя марафоны, гульні, віктарыны, ладзяцца выставы кніг і малюнкаў. Аб тым, як прайшоў Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі ў Шаркаўшчынскай дзіцячай бібліятэцы нам паведаміла бібліятэкар гэтай установы Алена Цімафееўна Фромертас:
— У гэтым годзе святкаванне пачалося на сцэне раённага Дома культуры. Увазе юных аматараў кнігі быў прапанаваны спектакль “Вася, Кот і Фея ў Краіне казак” у выкананні артыстаў РДК. Працягваліся мерапрыемствы ў дзіцячай бібліятэцы. Іх асноўнымі наведвальнікамі былі выхаванцы сацыяльнага прытулка, вучні аздараўленчага лагера СШ № 1 і ўдзельнікі клуба “Казка”, які існуе пры бібліятэцы.
Дзеці з задавальненнем прынялі ўдзел у літаратурным марафоне “Сказочный остров Сергея Михалкова”, прысвечаным 100-годдзю з дня нараджэння дзіцячага пісьменніка; у слайд-падарожжы па перыядычных выданнях для дзяцей “Што прынёс нам паштальён?”; у экалагічнай гульні “Тайны из жизни птиц», прымеркаванай да Міжнароднага дня птушак, які адзначаецца 1 красавіка. Дарэчы, да гэтай даты экалагічнага календара ў бібліятэцы арганізавана выстава малюнкаў “Пернатая радуга”. На ёй прадстаўлены работы юных мастакоў ва ўзросце 6—7 гадоў, якія наведваюць гурток “Вясёлы пэндзлік” пры Цэнтры дзяцей і моладзі.
Завяршыўся Тыдзень кнігі мерапрыемствам “Книжное царство — мудрое государство”, у час якога дзеці даведаліся, як узнікла друкаваная кніга. Затым усе удзельнікі свята “здзейснілі падарожжа” ў Краіну казак: адгадвалі загадкі, адказвалі на пытанні віктарыны, успаміналі песні з мультфільмаў, гулялі ў “фанты” і інш. У канцы мерапрыемства ўсе яго ўдзельнікі атрымалі памятныя сувеніры.

Падрыхтаваў Сяргей РАЙЧОНАК.
