Купалле – вельмі старажытнае свята, звязанае з ушанаваннем сонца. Святкавалі яго продкі сучасных славян, балтаў, іншых народаў.
Традыцыйнае святкаванне Купалля ў гарадскім пасёлку прайшло ў парку ААТ “Шаркаўшчынскі агратэхсэрвіс”. Работнікі культуры падрыхтавалі для шматлікіх гледачоў тэатралізаванае прадстаўленне “Купальскі карагод” і канцэртную праграму “Святочны настрой”. Працавалі гандлёвыя палаткі, свае вырабы прапаноўвалі набыць майстры раённага цэнтра рамёстваў. Для дзяцей дзейнічалі атракцыёны. Культработнікі расказвалі пра купальскія абрады, напрыклад, пра варажбу з вянком, сабраным у святочны дзень з палявых раслін і кветак. Варажыць можна на спаўненне жадання, для гэтага трэба на заходзе сонца апусціць вянок у ваду і назіраць за ім. Калі вянок паплыве далека – жаданне споўніцца, а калі падплыве да берага – не спраўдзіцца. Падобным чынам можна варажыць і на каханне. Так, калі вянок адразу патоне ў вадзе, значыць, каханы расстанецца з дзяўчынай ці яшчэ горш – падмане або здрадзіць. Калі вянок у вадзе распляцецца або прыб’ецца да берага – значыць, сёлета дзяўчына замуж не выйдзе. А вось вянок, які далека сплыў па вадзе, абазначае хуткае вяселле.
І вядома ж, якое Купалле без вялізнага вогнішча. Узяўшыся за рукі, шаркаўчане ўсіх узростаў дружна вадзілі вакол яго карагод. А самыя рамантычныя асобы шукалі папараць-кветку, якая, згодна з народнымі паданнямі, цвіце ў гэтую чароўную ноч.
Карына АРЛОВА,
студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.