«Хутарок» у Лужках

Актуальное

Амаль у цэнтры аграгарадка Лужкі размяшчаецца магазін з такой мілагучнай назвай індывідуальнага прадпрымальніка Мікалая Мікалаевіча Крыўко. Невялікі па памерах, без якіх-небудзь унутраных і знешніх далікатнасцей.

—    Звычайны сялянскі дом, — кажа гаспадар крамы. — Адрамантавалі знутры, правялі вадзяное ацяпленне, абшылі сайдынгам. І, канечне, абсталявалі ўсім неабходным, каб магазін адпавядаў санітарным нормам. Галоўнае, што ён падабаецца наведвальнікам і працуючым там работнікам.

У Лужках маецца некалькі гандлёвых кропак, у якіх рэалізоўваюцца харчовыя і прамысловыя тавары. Яны належаць як райспажыўтаварыству, так і індывідуальным прадпрымальнікам. Не памылімся, калі скажам, што крама “Хутарок” — адна з самых папулярных па рэалізацыі і набыццю насельніцтвам таго ці іншага тавару. Відавочна і самім, і з размовы з пакупнікамі, жыхарамі аграгарадка, што асартымент прадукцыі шырокі: мясныя, малочныя, хлеба-булачныя, кандытарскія вырабы, садавіна і гародніна. Шырокі выбар парфумерыі, мыйных сродкаў.

— Прадпрымальніцкую дзейнасць я пачаў у 1994 годзе, — прадаўжае размову Мікалай Мікалаевіч. — Вось ужо дзевятнаццаць год. Займаўся да нядаўняга часу размолам зерня. Але зараз амаль у кожнага гаспадара, хто гадуе жывёлу, ёсць уласныя міні-млыны. Таму мой станавіўся ўсё менш запатрабаваным.

—    Працуецца нам з задавальненнем, — расказала загадчык магазіна Іна Аляксееўна Баравік. — У штаце гандлёвай установы тры прадаўцы, два тавараведы, бухгалтар і тэхнічны работнік. Добрыя ўмовы працы, уважлівыя адносіны з боку гаспадара, дастойны заробак. Лепей і не трэба.

Бачна, што Мікалай Мікалаевіч клапоціцца пра сваіх работнікаў і пра своечасовае забеспячэнне якаснымі прадуктамі кожнага пакупніка. Каля ўваходу ўсталяваны пластыкавы навес з лаўкамі і столікамі, каб у летнюю спякоту было дзе выпіць прахаладжальныя напіткі, ці з’есці марожанае. Зроблена міні-стаянка для аўтатранспарта. Бо вядома, там, дзе якаснае і ветлівае абслугоўванне — там удзячныя пакупнікі.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *