
У лютым адбыўся валейбольны турнір сярод мужчын у першай лізе, прысвечаны памяці Эдуарда Корсака. Былі прысвечаны памяці былога рэдактара раённай газеты і аматара гэтага віду спорту і наступныя валейбольныя спаборніцтвы, якія нядаўна прайшлі ў гарадскім пасёлку, — чэмпіянаты раёна сярод жанчын і сярод мужчын у другой лізе. Пра тое, як яны праходзілі, і іх вынікі, нам расказала галоўны сакратар спаборніцтваў Юлія Каплуноўская:
— Па традыцыі ў сакавіку наймацнейшых выявілі валейбалісткі. Прыемна, што сёлета павялічылася колькасць удзельнікаў, у чэмпіянаце прымалі ўдзел 7 каманд: маладзёжныя зборныя Германавіцкай СШ і Шаркаўшчынскіх сярэдніх школ № 1 і № 2, зборная педагогаў СШ № 1, каманды ААТ «Даватарскі» і «Княж», аб’яднаная каманда дзяржустаноў і ЦРБ. Таксама ў гэтым годзе была паспрабавана новая сістэма правядзення спаборніцтваў — па кругавой сістэме да двух паражэнняў. Пасля першай стадыі адбыліся паядынкі за прызавыя месцы: у роўнай барацьбе паміж камандамі «Княжа» і СШ № 1 перамогу атрымалі больш вопытныя валейбалісткі з «Княжа». Увогуле, хочацца адзначыць юных спартсменак з Шаркаўшчынскай СШ № 1, якія паказалі вельмі дастойную гульню і аказалі ўпартае супраціўленне сваім дарослым апаненткам. Ну а наймацнейшы вызначаўся ў сустрэчы каманд Дзяржустановы + ЦРБ з педагогамі СШ № 1, у якой, узяўшы дзве партыі, перамаглі настаўніцы. Начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Сяргей Леанідавіч Каплуноўскі і прадстаўнікі судзейскай калегіі ўручылі пераможцам і прызёрам кубак і дыпломы.

А 7 красавіка прайшоў раённы чэмпіянат па валейболе ў другой лізе, у якім прынялі ўдзел 5 каманд (ААТ «Жвіранка», «Ельня-Агра», КУВСП «Гарадзец», Шаркаўшчынская СШ № 2, ПМК-68). Пасля першага туру тры мацнейшыя каманды ў вочных сустрэчах разыгралі паміж сабой прызавыя месцы. Дэбютант турніру каманда ААТ «Ельня-Агра» атрымала дзве перамогі і заняла першае месца. Лёс другога і трэцяга месцаў вызначаўся ў сустрэчы каманд КУВСП «Гарадзец» і ПМК-68, у якой ва ўпартай барацьбе перамаглі апошнія. Нагадаю, што ў гэтых спаборніцтвах вырашаўся лёс дзвюх пуцёвак у першую лігу, уладальнікамі якіх сталі дружыны ААТ «Ельня-Агра» і ПМК-68. У наступным годзе яны атрымаюць магчымасць пазмагацца з наймацнейшымі.
Падрыхтаваў Андрэй БУРЭЦ.
