Дзіцячы спектакль ад работнікаў РДК

Актуальное

выступленне артыстаў РДК для вучняў Германавіцкай СШ

Дошкі аб’яў райцэнтра апошнім часам “пестрят” маляўнічымі афішамі аб гастралюючых цыркавых калектывах з Украіны. Ужо неаднойчы ў Шаркаўшчыне праходзілі іх выступленні. Вядома, дзятве падабаецца — прыгожыя касцюмы казачных герояў, салодкая вата і поп-корн у антракце, фота на памяць з персанажамі, розныя светадыёдныя цацкі, якія прапануюць набыць маленькім гледачам. У выніку паход на вясёлае дзіцячае прадстаўленне “выманьвае” з кашалька бацькоў досыць унушальную суму грошай. Што гэта — сапраўды яскравае відовішча ці проста чарговая магчымасць заезжым “гастралёрам” добра падзарабіць на дзіцячым смеху?

Работнікі нашага РДК ажыццявілі пастаноўку дзіцячага спектакля-казкі беларускага аўтара Генадзя Аўласенкі пад назвай “Кот, Вася і Фея ў краіне казак”. Першае выступленне прайшло на сцэне Дома культуры для школьнікаў у час вясновых канікул. Па запрашэнні дырэктараў Велікасельскай СШ-сада і Германавіцкай СШ Ю. Ч. Матуля і Л. Г. Маркевіч артысты выступілі з пастаноўкай спектакля для вучняў гэтых школ. Зараз не хочацца спыняцца на змесце спектакля-казкі, бо лепш папрысутнічаць на ім самім і ўбачыць уласна пастаноўку. Талент нашых самадзейных артыстаў ні ў чым не саступае таленту (калі ён ёсць!) прыезжых гастралюючых калектываў.

На працягу сарака хвілін, што доўжылася прадстаўленне, дзеці ахвотна назіралі за дзеючымі персанажамі, смяяліся, апладзіравалі. Разам гучна вымавілі: “Прыязджайце да нас яшчэ!”. Наперадзе наведванне іншых школ раёна, пастаноўка новых дзіцячых спектакляў. Вось так, з мінімальнай колькасцю рэквізіта і пашытых уласнымі рукамі артыстаў касцюмамі, шчыра і жадана віталі іх маленькія гледачы.

А цяпер вырашайце самі — адправіцца разам з дзецьмі на прагляд спектакля “Маша і Мадагаскар”, пастаноўку якога ажыццявяць на сцэне раённага Дома культуры прыезжыя артысты першага мая па цане 40 тысяч рублёў за білет, ці прыйсці на дзіцячыя спектаклі работнікаў нашага РДК, што ладзяцца ў гарпасёлку і раёне за 5 тысяч рублёў. Выбар застаецца за вамі.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *