
24 красавіка ў раённым цэнтры рамёстваў прайшло адкрыццё выставы «Васілёва зорка». Гэтым разам увазе шаркаўчан былі прадстаўлены карціны, створаныя сучаснымі беларускімі мастакамі падчас пленэру ў вёсцы Бычкі — на радзіме нашага славутага земляка Васіля Быкава.
— Мы ведаем Васіля Быкава па яго творах, — сказала, адкрываючы выставу, дырэктар цэнтра Вікторыя Казіміраўна Дубоўская. — А цяпер у наведвальнікаў нашай выставы ёсць цудоўная магчымасць пазнаёміцца з пісьменнікам як чалавекам. Тут прадстаўлены некалькі партрэтаў пісьменніка, яго родныя, мясціны, у якіх прайшло дзяцінства славутага беларуса.
Завочна пазнаёміў прысутных з аўтарамі карцін шаркаўшчынскі мастак Віктар Фёдаравіч Крук (дарэчы, тры яго работы, сярод якіх партрэт Васіля Быкава, прадстаўлены на выставе).
— На гэтай выставе вы можаце ўбачыць творы як маладых, так і сталых мастакоў — Алеся Саўчанкі, Фёдара Кісялёва, Святланы Баранкоўскай, Кацярыны Мясніковай, Вячаслава Шамшура і іншых. Прыемна здзівіў шаркаўчанін Яўген Ліпскі. Яго партрэт Антаніны Быкавай, жонкі брата Васіля, выдзяляўся сярод іншых работ. Можна парадавацца, што Жэня імкліва расце ў творчым плане, відаць, што ён шукае свой стыль, почырк. Цікавая інсталяцыя атрымалася ў мастака з адметным стылем Уладзіміра Вальнова.
Сваімі ўражаннямі ад удзелу ў пленэры і ад выставы падзяліліся мастакі Алесь Шыёнак і прадстаўнік Польшчы Лукаш Лавандоўскі, жонка якога — Святлана, дарэчы, з Шаркаўшчыны.

Трэба сказаць, што магчымасць убачыць прадстаўленыя на выставе карціны шаркаўчане атрымалі дзякуючы культурна-асветніцкаму цэнтру імя Язэпа Драздовіча і яго кіраўніку Адзе Эльеўне Райчонак. Выстава будзе праходзіць на працягу месяца.
Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.
