26 красавіка ў РДК прайшло традыцыйнае мерапрыемства Дзень прызыўніка. У той дзень у зале прысутнічалі 27 маладых прызыўнікоў, іх бацькі і родныя, сябры. Каб узняць хлопцам настрой у гэты важны для іх дзень, культработнікі і самадзейныя артысты падрыхтавалі шмат добрых песень.
Выступаючы перад прызыўнікамі, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Аляксандравіч Цітовіч сказаў, што ў беларускай арміі створаны ўсе ўмовы для службы, дзяржава клапоціцца пра сваіх абаронцаў. Разам з гэтым ён пажадаў маладым прызыўнікам добрасумленна несці службу, каб бацькі атрымлівалі падзячныя лісты ад камандзіраў.
Па даўняй традыцыі ў той дзень у РДК прысутнічаў і святар Віктар Валашчук. Ён таксама пажадаў хлопцам годна адслужыць у арміі.
Сваю падтрымку і пажаданні ў службе выказалі прызыўнікам падпалкоўнік у адстаўцы Валерый Інакенцьевіч Ан, начальнік аддзела па рабоце з моладдзю райвыканкама Ігар Афанасьевіч Іваноў і ветэран працы Іван Аляксандравіч Лазовік.
Перад тым, як уручыць маладым прызыўнікам павесткі, раённы ваенны камісар Андрэй Вітольдавіч Дубовік звярнуўся да іх з наступнымі словамі:
— Пра шаркаўчан не даводзілася чуць дрэнных водгукаў. Усе служаць добра, ніякіх прэтэнзій няма. Прадстаўнікі воінсках часцей заўсёды ахвотна бяруць нашых хлопцаў, бо ведаюць, што атрымаюць у іх асобе надзейны рэсурс. Родным я хацеў бы пажадаць не турбавацца, таму што цяпер у арміі створаны добрыя ўмовы для салдат. Дзяўчатам, што застаюцца чакаць дома сваіх хлопцаў, магу пажадаць толькі цярпення. Маці змогуць потым любавацца фотаздымкамі сваіх сыноў каля сцяга армейскай часці.
Гэта толькі адразу здаецца, што паўтара года доўга, на самой справе служба пройдзе хутка, не паспееце і аглянуцца, а за час службы ў вас з’явяцца верныя армейскія сябры.
Марына ЖАКАЎКА, фота аўтара.
