Мне не думать об этом нельзя,
И не помнить об этом не в праве я, —
Это наша с тобою судьба,
Это наша с тобой биография.
Радкі з гэтай патрыятычнай песні савецкага перыяду з’яўляюцца вельмі актуальнымі і цяпер. Кожны з нас павінен ведаць гісторыю сваёй Бацькаўшчыны, яе гераічныя старонкі, памятаць тых, хто сваім жыццём адстаяў мір, свабоду і незалежнасць Рэспублікі Беларусь.
А пятнаццатай гадзіне на цэнтральнай плошчы Леніна ў гарадскім пасёлку адбыўся ўрачысты мітынг “Беларусь моцная адзінствам”, прысвечаны Дню народнага адзінства. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі мясцовай улады на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Уладзімірам Шпяцом. Прысутнічалі кіраўнікі ўстаноў, прадпрыемстваў і арганізацый гарадскога пасёлка, члены грамадскіх аб’яднанняў, ветэраны працы, моладзь, а таксама прадстаўнікі грамадскага аб’яднання “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія Смаленскай вобласці” на чале з кіраўніком Сяргеем Крыўко.
— Дарагія сябры! Прыміце шчырыя віншаванні са святам — Днём народнага адзінства! У гэты дзень мы ўспамінаем падзеі восені 1939 года, калі беларусы перасталі быць падзеленым народам, нацыя вылечыла палітычную траўму, нанесеную Рыжскім мірным дагаворам у сакавіку 1921 года. Такім чынам быў закладзены падмурак для стабільнага стваральнага развіцця, — з такімі словамі да прысутных звярнуўся Уладзімір Серафімавіч. — Не будзе перабольшваннем сказаць, што без 17 верасня 1939 года не было б і сучаснай Рэспублікі Беларусь.
У Год гістарычнай памяці кожны павінен разумець і памятаць, што замоўчванне старонак гісторыі не бывае бясследным, што важна ведаць аб сабе саміх усё, ведаць праўду, цаніць дасягненні нашых продкаў.
З улікам тых працэсаў, якія адбываюцца ў цяперашні час вакол нашай краіны, спробы прамога ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы Рэспублікі Беларусь, дата 17 верасня стала як ніколі актуальнай і здольнай у гэты няпросты перыяд поўнасцю кансалідаваць наша грамадства.
У гэта цудоўнае і светлае свята ад усёй душы жадаю вам моцнага здароўя, згоды, дабрабыту, шчасця і міру!
Да слоў віншавання далучыліся таксама кіраўнік грамадскага аб’яднання “Беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія Смаленскай вобласці” Сяргей Крыўко і дабрачынны Шаркаўшчынскай акругі протаіерэй Віктар Валашчук.
Па традыцыі прысутныя ўсклалі кветкі да помніка загінуўшым воінам і партызанам у гады Вялікай Айчыннай вайны, хвілінай маўчання ўшанавалі светлую памяць аб іх.
У раённым Цэнтры культуры кожны жадаючы мог наведаць падворак “Шаркаўшчына хлебасольная”, дзе работнікі ўстаноў культуры прапанавалі гасцям свята разнастайныя прысмакі беларускай нацыянальнай кухні, характэрныя для нашай мясцовасці. Гучала музыка і песні ў выкананні ўдзельнікаў народнага калектыву “Лужкаўскія песняры”, побач размяшчаліся выстава-прэзентацыя вырабаў народных майстроў “Пояс адзінства”, работы навучэнцаў мастацкага аддзялення Шаркаўшчынскай дзіцячай школы мастацтваў. Тут можна было набыць сувенірную прадукцыю, зробленую рукамі ўдзельнікаў гурткоў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама прагледзець выставу літаратуры пад назвай “Квітней, красуй, зямля шаркаўшчынская!”.
Фінальным акордам святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Дню народнага адзінства, стаў канцэрт “Сіла Беларусі — у адзінстве народа!”.
Сяргей РАЙЧОНАК.
















