
У перамогі верым!
Няхай гонг гучыць заўсёды,
Кліча да бар’ера!
(З гімна Шаркаўшчынскага “Брэйн-рынгу”).
«Канкурэнтаздольнасць Беларусі ў глабальным жыцці залежыць ад таго, ці ўдасца нам зрабіць стаўку на новае, энергічнае, творчае пакаленне маладых беларусаў», — гэтыя актуальныя словы прагучалі 19 красавіка з вуснаў Прэзідэнта Беларусі ў штогадовым пасланні беларускаму народу. У пытаннях рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў нашым раёне мы таксама стараемся даць магчымасць моладзі раскрыць свае здольнасці і таленты. Адным з апошніх прыкладаў стаў удзел нашай шаркаўшчынскай маладзёжнай інтэлектуальнай эліты ў 13-ым міжраённым турніры эрудытаў ў горадзе Паставы.
Першы такі конкурс сярод працоўнай моладзі заходніх раёнаў Віцебшчыны прайшоў у 2001 годзе ў Шаркаўшчынскім раёне. Ініцыятыва па яго правядзенні належала аддзелам па справах моладзі Шаркаўшчынскага, Міёрскага і Верхнядзвінскага раёнаў. Затым падключылася браслаўская, глыбоцкая і пастаўская моладзь. За гэтыя гады створана магутная імперыя тытанаў думкі, галоўныя задачы якой — садзейнічанне духоўнаму, культурнаму і інтэлектуальнаму развіццю моладзі, стварэнне магчымасці пасля напружаных працоўных будняў зарадзіцца станоўчымі эмоцыямі і пасябраваць з творчай моладдзю суседніх раёнаў. Усё гэта ў нас цудоўна атрымалася. Бо акрамя конкурснай праграмы пастаўчане пазнаёмілі нас са сваім горадам і правялі экскурсію па самых цікавых месцах старажытнага мястэчка.
Змаглі мы, ацаніўшы сілу інтэлектуальнай думкі сваіх сяброў-канкурэнтаў, і сябе паказаць. На жаль, так і не здолелі прыстасавацца да электроннай сістэмы. Часта ведаючы правільны адказ, нашы каманды прайгравалі на кнопцы падачы адказу. Адсюль і два трэція месцы ў нашых каманд сельгаспрадпрыемстваў і педагагічнай моладзі. Затое, калі пытанне перадавалі ў залу, роўных шаркаўчанам не было. Каскад правільных адказаў, 1-е каманднае месца і торт у якасці прыза. Трэба сказаць, што наш раён прадстаўлялі лепшыя інтэлектуалы раённага конкурсу «Брэйн-рынг».
І. ІВАНОЎ,
начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама.
