Рэспубліканскі семінар. Практыка работы з моладдзю ў працоўных калектывах

Актуальное

удзельнікі семінара у цэнтры “Атлант” ДБУ-26

Як паведамлялася ў папярэднім нумары газеты, у нашым раёне 17 мая адбыўся выязны практычны семінар слухачоў факультэта павышэння кваліфікацыі Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі Кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь для кіраўнікоў і спецыялістаў аддзелаў па справах моладзі аблвыканкамаў, гаррайвыканкамаў і мясцовых адміністрацый раёнаў па пытанню “Практыка работы з моладдзю ў працоўных калектывах Шаркаўшчынскага раёна”.

Работа семінара пачалася ў вялікай зале райвыканкама. Перад прысутнымі выступіў старшыня райвыканкама Мікалай Ірынархавіч Баговіч, які коратка азнаёміў прысутных з нашым раёнам, яго славутасцямі, лепшымі дасягненнямі працаўнікоў арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў.

Далей аб рабоце, якая праводзіцца з маладзёжнымі калектывамі, у сваім дакладзе паведаміў начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама І. А. Іваноў. Так, на сённяшні дзень у раёне пражывае больш за 2800 чалавек ва ўзросце ад 14 да 31 года. З іх 2100 — гэта працоўная моладзь. Ігар Афанасьевіч падзяліўся з калегамі багатым напрацаваным вопытам і сваёй сістэмай прыцягнення моладзі да заняткаў спартыўных, фізкультурных секцыях, гуртках мастацкай самадзейнасці, да ўдзелу ў культурна-масавых мерапрыемствах.

Шаркаўшчынскі раён для правядзення семінара такога высокага ўзроўню быў выбраны невыпадкова. Тут для задавальнення патрэб кожнага, асабліва моладзі, зроблена досыць трывалая матэрыяльна-тэхнічная база як у гарадскім пасёлку, так і на сяле. У кожным фізкультурна-аздараўленчым цэнтры, установах культуры, адукацыі, у арганізацыях, на прадпрыемствах працуюць кваліфікаваныя спецыялісты, здольныя аб’яднаць вакол сябе кагорты маладых, апантаных, амбіцыёзных людзей. На лепшых дасягненнях і быў акцэнтаваны даклад І. А. Іванова падчас выступлення.

“хлеб-соль” удзельнікам семінара ад вучняў Лужкаўскай СШ

Каб пераканацца ў пачутым, удзельнікі семінара накіраваліся ў цэнтральную раённую бальніцу — першы пункт, які стаяў у графіку маршрута наведвання. У пачатку галоўны ўрач С. Т. Стома правёў экскурсію па ўстанове, даведачна расказаў пра навейшае медыцынскае абсталяванне, метады лячэння хворых у сучасных умовах. У актавай зале дэманстраваўся слайд-фільм пра маладзёжныя будні і святы шаркаўшчынскіх медыкаў.

Наведванне фізкультурна-аздараўленчага цэнтра “Атлант” ДБУ-26 — наступны прыпынак на шляху ўдзельнікаў семінара. Дарэчы, іх прыемна ўразіла колькасць спартыўнага інвентару, яго разнастайнасць і, што самае важнае, запатрабаванасць. Вядома, што ў спартыўным цэнтры адпачываюць не толькі работнікі арганізацыі, але і кожны жадаючы можа карыстацца яго паслугамі.

У Германавіцкай СШ начальнікі і спецыялісты аддзелаў па справах моладзі наведалі гісторыка-краязнаўчы музей, азнаёміліся са зместам работы ўстановы адукацыі ў выхаваўчым працэсе вучняў. Нямала карыснай інфармацыі кожны з удзельнікаў семінара атрымаў для сябе з прагляду слайд-фільма аб рэалізацыі маладзёжнай палітыкі ў ААТ “Княж”.

інструктар па спорту КУВСП “Гарадзец” Яўген Чысцякоў гутарыць з гомельскімі калегамі

Ні для каго не сакрэт, што фізкультурна-аздараўленчы комплекс у вёсцы Гарадзец — адзін з найлепшых у раёне. Гэта тычыцца і матэрыяльна-тэхнічнай базы, і той работы, якая вядзецца дзеля прыцягнення працоўнай моладзі сельгаспрадпрыемства ў спартыўныя, культурна-масавыя мерапрыемствы. Аб дзейнасці цэнтра прысутным расказаў інструктар па спорту Я. Чысцякоў.

Канечным пунктам у маршруце выязнога семінара стала Лужкаўская СШ. Яе дырэктар Л. В. Гараніна, разам з вучнямі хлебам-соллю сустрэўшы гасцей, правяла аглядную экскурсію па прышкольным участку, дэндрарыі, пладовым і зімовым садзе. Вучні сярэдніх і старэйшых класаў падрыхтавалі невялікую канцэртную праграму, у якой адлюстравалі сваё цікавае школьнае жыццё: вучобу і працу, заняткі і адпачынак. Парадавалі прысутных цыркавыя нумары ў выкананні ўдзельнікаў узорнага калектыву “Мара” РДК.

Вынікі семінара падвёў дэкан факультэта павышэння кваліфікацыі Інстытута дзяржаўнай службы Акадэміі Кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мікалаевіч Кустоўскі. У прыватнасці, ён даў станоўчую адзнаку рабоце па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў нашым раёне. Вопыт шаркаўчан у гэтай справе ў поўнай меры заслугоўвае ўвагі і можа служыць узорам для астатніх рэгіёнаў як вобласці, так і краіны ў цэлым.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *