Амаль дзесяць год пры Більдзюжскім СДК працуе аматарскае аб’яднанне стараверскай кухні, гульні і абрадаў “Стараверскія страпухі”. Створаны калектыў быў на базе былога Кубелеўшчынскага сельскага клуба, а з закрыццём установы прадоўжыў сваю творчую дзейнасць у Більдзюгах.
— Галоўнай мэтай нашага аматарскага аб’яднання з’яўляецца вывучэнне, адраджэнне, захаванне і распаўсюджванне традыцый, абрадаў, страў нацыянальнай кухні старавераў, якія многа гадоў назад пасяліліся ў вёсках нашай мясцовасці, дзе цяпер пражываюць іх нашчадкі, — тлумачыць кіраўнік калектыву Людміла Ананіч. — Мы ўдзельнічаем у культурна-масавых мерапрыемствах як на тэрыторыі нашага сельскага Савета, так і ў гарадскім пасёлку і раёне. Неаднаразова ажыццяўлялі выезды ў рэгіёны Віцебшчыны, прымалі ўдзел у абласных святах, конкурсах, а таксама ў здымках тэлепраграмы “Маршрут построен” Белтэлерадыёкампаніі ў мінулым годзе.
У канцы кастрычніка “Стараверскія страпухі” сустракалі гасцей з Полацка. Справа ў тым, што пры тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Полацкага раёна створана аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, якім кіруе Святлана Бясецкая. У аддзяленні ідзе рэалізацыя праекта “Дарогамі гісторыі”, падчас якога наведвальнікі сацыяльнай установы ажыццяўляюць падарожжы, экскурсіі па месцах воінскай славы, наведваюць мемарыялы, помнікі не толькі на Полаччыне, але і ў суседніх раёнах. Цікавіць іх і сфера культуры. Таму, калі даведаліся, што ў Більдзюгах існуе такі калектыў, то вырашылі ажыццявіць паездку ў наш раён.
Непадалёк ад аграгарадка Більдзюгі ёсць вёска Аўласы, там размяшчаецца дом паляўнічага. Менавіта ў ім калектыў і сустрэў гасцей з Полацка. Са шчырымі прывітальнымі словамі “страпухі” запрасілі гараджан у сваю сядзібу. Сустрэча прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы. Дзяўчаты, удзельніцы калектыву, запрасілі гасцей за шыкоўны абедзенны стол як след падсілкавацца з дальняй дарогі. А на стале — прысмакаў на самы розны густ. І зроблены яны па даўніх кулінарных рэцэптах старавераў. Госці з ахвотай ласаваліся гарачай юшкай, гульбішнікамі, сканцамі, гулёнамі, драчонамі, закіданікамі, запівалі смачнай ганіболіўкай. Удосталь падсілкаваўшыся, усе разам удзельнічалі ў гульнях і конкурсах, дзе дэманстравалі свой спрыт, давалі трапныя адказы на загадкі, спявалі стараверскія песні.
— Мы вельмі ўдзячны ўдзельнікам аматарскага аб’яднання і работнікам раённага Цэнтра культуры за гасцінны прыём, за тую добразычлівую атмасферу, якая панавала падчас сустрэчы, — падзялілася ўражаннямі Святлана Бясецкая. — Несумненна, справа, якой займаецца аматарскае аб’яднанне, заслугоўвае павагі. Сёння надзвычай важна ведаць сваю гісторыю, традыцыі продкаў, даносіць гэта да шырокага кола грамадства. Наша спадчына вельмі багатая, унікальная, патрабуе ўвагі і зберажэння.
Яркі доказ таму — аматарскае аб’яднанне стараверскай кухні, гульні і абрадаў “Стараверскія страпухі” Більдзюжскага сельскага дома культуры.
Сяргей РАЙЧОНАК.






