Інтэлектуальная гульня, прысвечаная здароўю і Дню сям’і адбылася ў дзіцячым садзе № 1

Актуальное

дзеці і удзельнікі гульні разам спяваюць песню

Менавіта ў сям’і пачынаецца жыццё чалавека. Сям’я —  гэта самае важнае, што мы маем. І найлепш, калі ў нашых сем’ях усе шчаслівыя і здаровыя.

Нядаўна ў дзіцячым садзе № 1 прайшло мерапрыемства, прысвечанае здароўю і Дню сям’і. Яно ўяўляла сабой інтэлектуальную гульню, у якой паспаборнічалі выхавальнікі і бацькі. На пачатку перад бацькамі выступіла хірург Шаркаўшчынскай ЦРБ Аксана Селіванава. Яна расказала аб тым, як папярэдзіць дзіцячыя траўмы летам, на што трэба звярнуць пільную ўвагу. Затым выхаванцы дзіцячага сада прачыталі кароткія вершы пра сям’ю, праспявалі вясёлую песню.

Вядучая, яна ж выступіла і арганізатарам дадзенага мерапрыемства, выхавальніца Ірына Канстанцінаўна Спірыдонава прадставіла дзве каманды. Першая мела назву “Выхавальнік” і складалася з шасці чалавек: выхавальніц Алены Савішны Зуй, Алы Іванаўны Каштальян, Антаніны Алегаўны Хліманковай выхавальніцы і метадыста Алы Фёдараўны Хаданёнак, памочніка выхавальніка Вольгі Анатольеўны Цывунчык і медыцынскай сястры дзіцячага сада Аліны Рычардаўны Хаданёнак. Другая каманда называлася “Сям’я” і складалася з пяці чалавек. У яе ўваходзілі начальнік аддзела культуры райвыканкама Іна Мар’янаўна Шынкевіч, эканаміст аддзела фізічнай культуры і спорту Кацярына Аляксандраўна Савельева, настаўнік-дэфектолаг Аксана Леанідаўна Ластаўка, інжынер ПМК-68 Таццяна Алегаўна Лысёнак, кансультант раённага суда Марына Анатольеўна Шапалоўская.

На першым этапе гульні каманды прадставілі сябе і агучылі дэвізы. Затым была размінка, дзе трэба было як мага хутчэй даць адказ на пытанне. За правільны адказ каманда атрымлівала бал. У трэцім конкурсе ўдзельніцы цягнулі картку з пытаннем аб розных відах траўм, затым расказвалі як аказаць першую дапамогу пры тым ці іншым пашкоджанні. На аснове папярэдняга конкурсу каманды павінны былі паказаць на практыцы свае дзеянні пры розных траўмах. Паміж конкурсамі дзеці уздымалі настрой прысутным песнямі і вершамі. Гледачы таксама не засталіся ў баку ад гульні. Ім было прапанавана закончыць прымаўкі, а за правільны адказ налічваўся бал адной з каманд. Затым удзельнікі кожнай каманды па чарзе праспявалі песні пра здаровы лад жыцця. Наступны конкурс уяўляў сабой красворд, дзе былі зашыфраваны назвы садавіны і гародніны. Удзельніцам трэба было знайсці як мага больш слоў за абмежаваны час. Апошні іспыт праверыў хуткасць адказу каманд, дзе бал атрымлівала тая, якая першай правільна адказала на пытанне. Вось і падышла да завяршэння займальная і вясёлая гульня. Журы пачало падлічваць балы. Але ў выніку перамагло сяброўства, і кожнай камандзе дасталася па падарунку. На гэтай пазітыўнай ноце мерапрыемства скончылася.

Марына ЖАКАЎКА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *