17 верасня горад Глыбокае з размахам прымаў фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі—2022”. Гэта свята дало старт ушанаванню хлебаробаў па ўсёй вобласці. У кожным рэгіёне Віцебшчыны прайшлі раённыя “Дажынкі”, а завяршылася чарада свят 12 лістапада ў Віцебску.
У абласным выканаўчым камітэце адбылося ўшанаванне тых, хто стаў лепшым на ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых культур, рапсу, заняў 2-е і 3-е месцы ў абласным спаборніцтве. Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Ігар Брыло, старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Анатолій Ліневіч і іншыя афіцыйныя асобы.
Сярод дэлегацый, якія прыехалі з усёй вобласці на святочнае мерапрыемства, былі і шаркаўчане на чале з кіраўніком раёна Дзмітрыем Ламака.
— Сёння ваш дзень, і мне хочацца, каб ён стаў для вас сапраўдным святам, — з такімі словамі да прысутных звярнуўся старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін. — Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу жадаю вам здароўя, дабрабыту і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.
Аляксандр Міхайлавіч уручыў сельскім працаўнікам заслужаныя ўзнагароды. Ганаровыя граматы, Падзякі, дыпломы і грашовыя прэміі атрымалі тыя, хто дасягнуў лепшых вынікаў на ўборцы зерневых, рапсу і нарыхтоўцы кармоў: кіраўнікі сельгаспрадпрыемстваў, камбайнеры, вадзіцелі, трактарысты і многія іншыя.
Заслужаныя ўзнагароды атрымаў і вадзіцель Яўгеній Рагачэўскі з ААТ “Агратэхсэрвіс” Шаркаўшчынскага раёна. Перадавіку сельгасвытворчасці ўручылі Ганаровую грамату камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама за шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у развіццё сельгасвытворчасці, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў. Ён таксама атрымаў Ганаровую грамату Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу за шматгадовую добрасумленную працу, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву і сертыфікат на санаторна-курортнае лячэнне ў санаторыі “Лётцы”.
У заканчэнні цырымоніі кіраўніцтва вобласці, дэлегацыі раёнаў усклалі кветкі да мемарыяльнага комплексу ў гонар савецкіх воінаў-вызваліцеляў, партызан і падпольшчыкаў Віцебшчыны на плошчы Перамогі. Пасля чаго свята працягнулася ў Віцебскай абласной філармоніі.
На ўрачыстасці прысутнічаў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Сергяенка. Ён адзначыў, што “Дажынкі” — гэта даўняя традыцыя нашых продкаў, адроджаная па ініцыятыве Аляксандра Лукашэнкі. Яна існуе для таго, каб аддаць даніну павагі людзям, якія кормяць наш народ.
Сёлета аграрыямі Віцебшчыны намалочана 1 мільён 118 тысяч тон зерневых і зернебабовых культур пры сярэдняй ураджайнасці 31 цэнтнер з гектара, што значна вышэй, чым у мінулым годзе. Ігар Пятровіч зачытаў Прывітальны адрас Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, уручыў кветкі ад кіраўніка дзяржавы.
— Падчас жніва 2022 года тысячны намалот зерня пераадолелі 198 экіпажаў камбайнаў вобласці, 27 — двухтысячны, 4 — трохтысячны, звыш чатырох тысяч тон намалаціў адзін экіпаж, а рэкорд паставіў экіпаж камбайна з філіяла “Задняпроўскі” Аршанскага раёна, які намалаціў 5 тысяч 695 тон зерня, — паведаміў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
Кіраўнік вобласці падзякаваў вяскоўцам за няпростую і напружаную, але вельмі важную і патрэбную працу, уручыў шэрагу кіраўнікоў раёнаў, сельгаспрадпрыемстваў і хлебаробам заслужаныя ўзнагароды.
Віншаванні аграрыям Віцебшчыны даслалі старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава і старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка.
Ганаровыя госці і ўдзельнікі свята азнаёміліся з падворкамі раёнаў вобласці, наведалі выставу-дэгустацыю прадукцыі харчовых прадпрыемстваў Віцебшчыны.
На працягу ўсяго мерапрыемства на другім паверсе філармоніі працавала выстава дажыначных снапоў, прадстаўленая ўсімі рэгіёнамі вобласці. Шмат жадаючых зрабіць памятны фотаздымак было каля дажыначнага снапа Шаркаўшчынскага раёна, які, несумненна, вылучаўся сваім непаўторным хараством і густоўна аформленым аздабленнем.
У абласных “Дажынках” прынялі ўдзел і работнікі культуры нашага раёна — пераможцы абласнога конкурсу жорнаў. Таццяна Лаздоўская, Надзея Вайцюль, Аляксандр Бука пад музычны акампанемент Таццяны Райкевіч прадэманстравалі гасцям свята, як у даўніну нашы продкі малолі на муку вырашчанае зерне, пяклі з яго хлеб.
“Захаваем вёску — выратуем краіну”, — сказаў аднойчы Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Гэты выраз мае ў сабе асаблівы сэнс дзяржаўнага клопату пра зямлю і людзей, якія на ёй працуюць.
“Дажынкі—2022” гучнымі музычнымі акордамі ўрачыста развіталіся з хлебаробамі Віцебшчыны, якія дастойна завяршылі сельскагаспадарчы год. Эстафета абласнога свята перададзена нашаму Шаркаўшчынскаму раёну, які сустрэне аграрыяў паўночнага рэгіёна краіны ў наступным годзе.
Сяргей РАЙЧОНАК.






















