1135 тон зерня ўраджаю 2022 года перавёз Яўгеній Пестун з ААТ «Агратэхсэрвіс»

Сельское хозяйство

Шмат год працуе вадзіцелем грузавога аўтамабіля ў ААТ “Агратэхсэрвіс” Яўгеній Пестун. Як і іншыя работнікі сельгаспрадпрыемства, ён заўсёды імкнецца быць у лідарах.
— У час жніва Яўгеній на сваім грузавым аўтамабілі “МАЗ” адвозіць зерне ад камбайнаў, — кажа дырэктар ААТ “Агратэхсэрвіс” Міхаіл Кавалёнак. — Падчас вясенняй і асенняй пасяўных кампаній ён укамплектоўвае свой грузавы аўтамабіль зернезапраўшчыкам запраўляе пасяўныя агрэгаты насеннем. За Яўгеніем замацаваны таксама агрэгат “Раса”, на якім ён праводзіць падкормку ўдабрэннямі пашы і зерневых культур.
Сёлета ў сельгаспрадпрыемстве тры вадзіцелі грузавых аўтамабіляў перавезлі ад камбайнаў больш за тысячу тон зерня. Гэта Яўгеній Рагачэўскі, Мікалай Пяткевіч і Яўгеній Пестун. На рахунку апошняга 1135 тон перавезенага зерня ўраджаю 2022 года.
З высокімі працоўнымі дасягненнямі вадзіцеля павіншавалі, уручылі каштоўныя падарункі дырэктар сельгаспрадпрыемства Міхаіл Кавалёнак і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Яся Краснікава.
Сяргей РАЙЧОНАК.