
18 мая ў Лучайскім касцёле адбыўся фэст з нагоды 75-й гадавіны кананізацыі святога Андрэя Баболі. На ім прысутнічала вялікая дэлегацыя з Шаркаўшчыны. Сваімі ўражаннямі аб урачыстасці падзялілася шаркаўчанка Алена Клімза:
— Свята распачалося з асвячэння фігуры святога апостала Якуба Старэйшага, якая размешчана на прыкасцёльнай тэрыторыі. Па задумцы ксяндза пробашча Мікалая Ліпскага (ураджэнца Шаркаўшчыны), яна павінна ператварыцца ў «жывую Біблію» — ад касцёла расходзяцца 12 радыяльных дарожак, на якіх усталёўваюцца фігуры апосталаў.
Святую Імшу, якая праводзілася за ўсіх ахфярадаўцаў, цэлебраваў ксёндз канонік Аляксандр Чайкоўскі з Наваполацка. Ён і прамовіў казанне, якое наўрад ці пакінула прысутных вернікаў абыякавымі. Галоўным лейтматывам яго было: «А што кожны з нас здольны зрабіць для Хрыста?». Апавядаў пра жыццёвы шлях і пакутніцкую смерць святога Андрэя Баболі.
Гэта адзін са святых, якога найбольш шануюць беларусы-католікі і ўніяты. Нарадзіўся Андрэй Баболя ў 1591 годзе. Паходзіў са старажытнага беларускага шляхецкага роду. Належаў да Ордэна Езуітаў. Святаром стаў у 1622 годзе. Служыў у Вільні, Нясвіжы, Бабруйску, Пінску. Самааддана і шчыра працаваў на ніве прапаганды каталіцкай веры, за што яго і назвалі «пінскім апосталам».
Андрэй Баболя быў прыхільнікам уніяцкай царквы. На Палессі знаходзіўся падчас наездаў казакаў Багдана Хмяльніцкага. Быў схоплены ў мястэчку Янаў (зараз горад Іванава Брэсцкай вобласці) і на працягу дзвюх гадзін страшна катаваны. Скончыў жыццё на жывёлабойні — але так і не адрокся ад каталіцкай веры!
У 1853 годзе папа Пій IX абвясціў Андрэя Баболю багаслаўлёным, а з 1938 года, згодна з дэкрэтам папы Пія ХІ, Каталіцкі Касцёл вызнае Баболю, як святога. Яго рэліквіі ў розныя часы знаходзіліся ў Пінску, Полацку, Маскве, Рыме. Зараз — у адным з касцёлаў Варшавы.
Святочны, урачысты настрой падчас святой Імшы дадавала суправаджэнне спеваў двухсотгадовым арганам Лучайскага касцёла!
Святая Імша закончылася ўрачыстай працэсіяй вакол касцёла.

Пасля гэтага ўсіх парафіян і гасцей чакала цудоўнае выступленне артыстаў з Шаркаўшчыны! На пачатку ксяндзу пробашчуМікалаю Ліпскаму ўручылі традыцыйны хлеб-соль з малой радзімы, як сыну Шаркаўшчынскай зямлі! Прыемна парадавалі: дзіцячы калектыў «Маленькая фея» пад кіраўніцтвам В. М. Шуман, хор ветэранаў «Надзея», цыркавы калектыў «Мара». Кацярына Сосна, Віктар Лагун і Света Клімза — удзельнікі народнага літаратурна-музычнага аб’яднання “Світанак” — прачыталі свае вершы. Нацыянальны каларыт святу дадавала прысутнасць клуба нацыянальнай кухні «Груца», Цэнтр рамёстваў і клуба «Жаночы час» са сваімі вырабамі, зробленымі ў рознай тэхніцы.

Падчас свята была разгорнута выстава мастакоў Віцебшчыны.
На развітанне прагучалі словы-пажаданні Лучаю: «Хай жа сябрам ён і надалей свеціць яркаю зоркаю праз гады! Каб яго слава ішла па свеце, малітва лунала над ім заўжды!».
Падрыхтавала Кацярына СОСНА.
Фота аўтара.
