
Ярка свеціць сонца. Наведваюцца дожджыкі. Чым не спрыяльныя ўмовы для росту травастою? Сёлета на ўсіх участках пашы, як для грамадскага, так і для статка прыватнікаў, трава расце вельмі хутка. У некаторых месцах распачаўся падкос траў і іх паўторная падкормка. На дагледжанай пашы і надоі добрыя. Нездарма пашавы перыяд лічыцца часам вялікага малака.
Калі ехаць па дарозе з Шаркаўшчыны на Браслаў, то ўздоўж яе то злева, то справа пасвяцца статкі на выдзеленых ўчастках пашы для жывёлы вяскоўцаў ААТ “Буеўшчына” і “Даватарскі”. У кожнай вёсцы па-свойму арганізавана пасьба жывёлы і вызначаны свой час абедзеннай дойкі кароў. Ён устаноўлены такім чынам, каб не збіўся графік здачы лішкаў прадукцыі дзяржаве.
Трапілі мы на поле якраз у час абедзеннай дойкі кароў і ледзьве паспявалі за аўтамашынай малаказборшчыка Паўла Паўлавіча Андрэева. Вось ён пад’ехаў да статка вёскі Сасноўцы. Усе малаказдатчыкі адзін за адным хуценька сталі падаваць яму посуд з малаком. Паміж малаказборшчыкам і здатчыкамі прадукцыі заключаны адпаведныя дамоўленасці. Кожны ведае свае абавязкі. Напрыклад, каб у гарачаю пару малако не скісла, прыёмка праводзіцца вельмі аператыўна.
Наступны прыпынак — каля статка вёскі Валожынкі. Здалёк людзі заўважылі малакавоз і хуценька з напоўненымі сырадоем вёдрамі сталі падыходзіць да абочыны дарогі. Павел Паўлавіч падхоплівае вёдры адно за адным з рук жанчын, вылівае малако ў малакамер, запісвае дадзеныя і дабаўляе ў агульны посуд.
Далейшы маршрут у малаказборшчыка — вёскі Паяначы і Амбросенкі, а затым — населеныя пункты аддзялення Пялікі ААТ “Даватарскі”.
Больш падрабязную бухгалтэрыю вядзе бухгалтар. Нам яна паведаміла канкрэтныя дадзеныя:
— За суткі Андрэеў дастаўляе на малаказавод 2500—2600 кг малака. За пяць месяцаў дзяржаве паступіла 198 тон закупленай у насельніцтва прадукцыі. Асабліва важкую падмогу аказваюць вяскоўцы, якія трымаюць на падворку некалькі кароў. Гэта Ю. А. Кукштэль, А. Л. Краснікава, М. А. Лук’янскі з аддзялення Пялікі, В. В. Смірноў, В. І. Палягошка і Г. Г. Маслоўскі з аддзялення Паяначы.
Важна тое, што скаргаў на работу малаказборшчыка не паступае. Значыць, правільна арганізаваны збор лішкаў прадукцыі дзяржаве.
Кацярына СОСНА.
Фота Марыны ЖАКАЎКА.
