22 снежня ў адміністрацыйным будынку ААТ “Княж” адбыўся прафсаюзны прававы прыём грамадзян, які правялі прававы інспектар працы Віцебскай абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў хімічнай, горнай і нафтавай прамысловасці Сяргей Яско, намеснік пракурора Шаркаўшчынскага раёна Аляксандр Свяцкі і старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Ігар Малюгін.
Магчымасць атрымаць бясплатную юрыдычную кансультацыю скарысталі ў той дзень спецыялісты і работнікі бухгалтэрыі сельгаспрадпрыемства. Шмат пытанняў было і ў кіраўніка ААТ “Княж” Уладзіміра Буды. Уладзімір Пятровіч атрымаў грунтоўныя тлумачэнні па нормах заканадаўства, якія рэгулююць сферу працоўных і звязаных з імі праваадносін (пытанні афармлення працоўных адносін, змянення істотных умоў працы, налічэння і выплаты заработнай платы, звальнення і прымянення дысцыплінарных спагнанняў, пенсійнага заканадаўства і іншае).
Прававыя прафсаюзныя прыёмы грамадзян праходзяць адзін раз у месяц на бясплатнай аснове. Кожны работнік той ці іншай арганізацыі мае магчымасць атрымаць юрыдычную дапамогу па пытаннях, якія яго найбольш хвалююць.
Сяргей РАЙЧОНАК.

