31 год працуе рэнтгенлабарантам у Шаркаўшчынскай ЦРБ Таццяна Анецька

Здоровье

Многія з нас нават не ведаюць пра існаванне такой прафесіі, як рэнтгенлабарант. А між тым, яна адыгрывае вельмі значную ролю ў сістэме аховы здароўя. У гэтым мы ўпэўніліся, калі сустрэліся і пагутарылі з Таццянай Мікалаеўнай Анецька, якая працуе рэнтгенлабарантам Шаркаўшчынскай ЦРБ.
Таццяна Мікалаеўна нарадзілася ў Шаркаўшчыне, закончыла мясцовую сярэднюю школу. Калі паўстала пытанне выбару далейшай адукацыі і прафесіі, вырашыла звязаць сваё жыццё з медыцынай.
— Мая старэйшая сястра Наталля пасля школы паступіла вучыцца ў Даўгаўпілскае медыцынскае вучылішча, таму і я ўслед за ёй падала дакументы ў гэту навучальную ўстанову, — кажа Таццяна Мікалаеўна. — Пасля заканчэння вучылішча размеркаванне на першае месца працы атрымала ў Рыжскую абласную бальніцу, дзе стала медыцынскай сястрой рэанімацыйнага аддзялення.
Далейшы жыццёвы лёс склаўся так, што я, прыехаўшы з Рыгі ў родныя мясціны, выйшла тут замуж і назаўсёды засталася ў Шаркаўшчыне. Любоў да Радзімы і, вядома ж, пачуццё кахання да любімага чалавека адыгралі ў гэтым сваю вызначальную ролю.
Кіраўніцтва раённай бальніцы прадаставіла мне працу — я стала медыцынскай сястрой хірургічнага аддзялення. Пасля таго, як вярнулася з дэкрэтнага водпуску па догляду за дзіцяці, была пераведзена ў тэрапеўтычнае. Затым мне прапанавалі месца рэнтгенлабаранта. Згадзіўшыся, я прайшла навучанне на спецыяльных падрыхтоўчых курсах. І вось з таго часу ўжо мінуў 31 год.
Мы спыталі Таццяну Мікалаеўну, ці любіць яна сваю работу.
— Вельмі, —адказала яна. — Работа мая цікавая. Кожны дзень новыя і розныя людзі, з рознымі лёсамі, жыццёвымі абставінамі. За працоўную змену, а доўжыцца яна ў рэнтгенлабаранта 6 гадзін, на прыём звяртаецца 40—50 пацыентаў. З кожным трэба пагутарыць, выслухаць скаргі на стан здароўя, суцешыць і, канечне, аказаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу.
Калектыў у нас невялікі, але вельмі дружны. Разам са мной пазменна працуюць яшчэ два рэнтгенлабаранты. Урач-рэнтгенолаг прыязджае да нас з Міёр. Усебаковую падтрымку аказвае кіраўніцтва райбальніцы і яе галоўны ўрач Станіслаў Стома, а таксама прафсаюзны лідар нашага калектыву Валянціна Хаданёнак.
Спецыфіка работы рэнтгенлабаранта наступная: я пачынаю працоўны дзень у 8 гадзін раніцы, прымаю па чарзе пацыентаў, на спецыяльным сучасным лічбавым абсталяванні раблю здымкі пашкоджаных участкаў цела, органаў. Потым з 13 і да 14 гадзін я працую з архівам рэнтгенаўскіх здымкаў, якія захоўваюцца ў раённай бальніцы на вызначаныя тэрміны.
У працоўным графіку рэнтгенлабарантаў маецца “экстранная змена” працягласцю 10 дзён. Гэта значыць, што рэнтгенлабарант у свабодны ад работы час у экстранным парадку можа быць аператыўна выкліканы ў медустанову, калі людзі атрымліваюць траўмы пры аўтааварыях, на працоўных месцах і дома. На жаль, такое здараецца вельмі часта і ў выхадныя дні, і ў начны час сутак.
Як і многія іншыя медыцынскія работнікі, я праводжу перадрэйсавы медыцынскі агляд вадзіцеляў транспартных сродкаў у Шаркаўшчынскім участку Глыбоцкага АТП № 16. Кожную раніцу ў 4 гадзіны 30 хвілін я правяраю стан іх здароўя, пасля чаго выдаю адпаведны медыцынскі дазвол на ўдзел у дарожным руху. Здараюцца выпадкі, калі ў вадзіцеляў значна павышаны артэрыяльны ціск, тады кіраванне транспартным сродкам забараняецца, а чалавеку аказваецца першасная медыцынская дапамога.
Работа мае свае складанасці, але я на іншым месцы сябе ніколі не ўяўляла, заўсёды сэрцам адчувала — гэта маё. Ніколькі не шкадую, што ў маладосці звязала сваё жыццё з медыцынскай сферай, дзе магу прыносіць карысць людзям, грамадству.
Маёй надзейнай апорай і падтрымкай у жыцці з’яўляецца мая сям’я — муж Сцяпан, дзеці Дзмітрый, Аляксей, Аня, унучкі Варвара і Паліна. Менавіта родныя людзі надаюць мне жыццёвай энергіі, радуюць сэрца і душу.
За гады працы Таццяна Мікалаеўна мае шэраг узнагарод і падзяк. Але найбольш важныя з іх — гэта словы ўдзячнасці ад пацыентаў за ўвагу, ветлівыя адносіны медыцынскага работніка, якая аднойчы дала клятву Гіпакрата і сумленна выконвае яе па жыцці.
Сяргей РАЙЧОНАК.