Валянціна Пузырэўская ўзнагароджана ў рамках рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод»

Сельское хозяйство

Валянціна Пузырэўская працуе аператарам машыннага даення на МТФ «Наваселле» ААТ «Агратэхсэрвіс» на працягу дзевятнаццаці год. Любіць сваю справу і лічыць яе вельмі патрэбнай для грамадства.

— Я мясцовая, нарадзілася ў вёсцы Казакі, цяпер пражываю ў аграгарадку Наваселле, — кажа Валянціна Аркадзьеўна. — Пасля заканчэння школы пайшла працаваць у калгас, у галіну жывёлагадоўлі. Некаторы час жыла ў вёсцы Лучай, што на Пастаўшчыне. Па сямейных абставінах вярнулася на малую радзіму, уладкавалася на мясцовую ферму даяркай, аб чым ніколі не пашкадавала. Вядома, праца складаная, але я прывыкла, тым больш, што ўжо чвэрць стагоддзя ў жывёлагадоўлі. У маім гурце 43 каровы і да кожнай трэба знайсці свой падыход, праявіць ласку, каб яна дала больш малака.

Па выніках працы за снежань мінулага года Валянціна Аркадзьеўна надаіла 18,3 тоны малака. У сярэднім ад адной каровы жанчына атрымала 426 кілаграмаў каштоўнага прадукту харчавання. Дарэчы, гэты паказчык за апошні месяц 2022 года — самы высокі ў раёне.

У канцы студзеня старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Таццяна Альшэўская і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ААТ «Агратэхсэрвіс» Яся Краснікава наведалі на даму перадавую даярку. У межах рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод» яны павіншавалі Валянціну Аркадзьеўну з працоўнымі поспехамі, пажадалі трывалага здароўя, сямейнага шчасця, а таксама ўручылі грашовыя прэміі.

— На такіх працаўнікоў раўняюцца іншыя аператары машыннага даення, — з упэўненасцю адзначыла Яся Станіславаўна. — Валянціна Аркадзьеўна з’яўляецца прыкладам сумленнага работніка.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.