22 чэрвеня — Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

Актуальное

22 чэрвеня спаўняецца 72 гады з той пары, як войскі нямецка-фашысцкай Германіі парушылі дзяржаўную мяжу і вераломна ўварваліся на тэрыторыю СССР. Гэта паклала пачатак Вялікай Айчыннай вайне. Вядома, што да таго часу амаль уся Еўропа была ўцягнута ў баявыя дзеянні: адбыўся аншлюс Аўстрыі, пераможным крокам салдаты вермахта маршыравалі па сталіцы Францыі, пад прыгнётам “карычневай чумы” аказаліся Польшча, краіны Скандынавіі. З 1 верасня 1939 года ішла Другая сусветная вайна, у якую з цягам часу былі ўцягнуты ўсе кантыненты планеты.

Жыхары гарадоў, вёсак Заходняй Беларусі і Украіны ў першыя ж дні вайны, хто загінуў, хто трапіў у палон, хто, ратуючыся ад фашысцкай навалы, вымушаны быў эвакуіравацца на ўсход. Уратавацца пашчасціла нямногім — вельмі хуткім, няспынным, маланкавым быў рух захопнікаў углыб нашай краіны.

Тысячы пагранічнікаў на заставах заходніх рубяжоў аддалі свае жыцці, ставячы заслону на шляху чужаземцаў. Будучы абяссіленымі, не маючы боепрыпасаў і харчавання, на працягу месяца вялі няроўны бой салдаты захопленай, але не скоранай ворагам Брэсцкай крэпасці.

Сёння шматлікія гісторыкі, палітычныя і грамадскія дзеячы, хто як можа трактуюць са свайго пункту погляду прычыны правалу стратэгіі і тактыкі военачальнікаў Чырвонай Арміі ў першыя дні і месяцы Вялікай Айчыннай. З многіх дакументаў пачатку саракавых зняты грыф “сакрэтна”. І тая інфармацыя, якая дзесяцігоддзямі ўтойвалася ад людзей, стала зараз набыткам грамадскасці. Такі тады быў час…

Нам, сённяшняму пакаленню, якое жыве амаль 70 год пад мірным небам, варта памятаць подзвігі тых звычайных салдат, хто цаною свайго жыцця выратаваў краіну і свет ад знішчэння. Памятаць, каб расказваць сваім дзецям і ўнукам пра гераізм і адвагу, доблесць і славу салдат Вялікай Перамогі.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Іпаліт Іпалітавіч Касцюкевіч

Калі ў лістападзе 1942 года фашысты спалілі яго родную вёску Кушталі, Іпаліту Іпалітавічу Касцюкевічу было 8 гадоў. У дзень трагедыі захопнікі абкружылі вёску, якая была асуджана на спальванне. Маленькі Іпаліт разам з маці і яшчэ адной жанчынай з дачкой накіраваліся ўцякаць да рэчкі. У першы раз не пашчасціла — іх заўважыў вартавы немец і завярнуў назад. Праз колькі часу яны паспрабавалі выйсці зноў, і на гэты раз лёс злітасцівіўся. Вартаўнік не заўважыў, а можа, зрабіў выгляд, што не заўважыў, жанчын з дзецьмі. Уцекачы асцярожна паўзлі па лёдзе, праз нейкі час іх убачылі і пачалі страляць, але яны ўжо былі на бяспечнай адлегласці. Ім удалося выратавацца, але наперадзе іх чакала небяспечная адысея. Беспрытульныя, яны хадзілі па суседніх вёсках, аказаліся ў руках немцаў, рыхтаваліся да смерці і, нарэшце, знайшлі прытулак у радні ў Дубніках. Пахавалі бацьку, цела якога з прастрэленым плячом выцягнулі са студні, куды таму ўдалося схавацца падчас масавага забойства ў Кушталях. У Дубніках яны з маці прабылі паўгода, а потым вярнуліся ў родную вёску, дзе сталі жыць ў зямлянцы. У хуткім часе маці, не вытрамаўшы перажытага, памерла, і Іпаліт застаўся сіратой. Яго прытуліла цётка, матчына сястра. У ваенны і галодны пасляваенны часы цяжка прыходзілася дарослым, што ўжо тады казаць пра юнака. Яму даводзілася хадзіць па людзях, прасіць, каб далі што-небудзь з ежы. Як толькі падрос, стаў працаваць. Не проста было зажывацца, але зрабіў усё тое, што лічыцца абавязковым для кожнага чалавека: пабудаваў хату, стварыў сям’ю, выгадаваў дзяцей. А цяпер можна і адпачыць, на лавачцы пасядзець у спакоі. Некалькі гадоў назад ён пераехаў у Буеўшчыну, жыве насупраць сына Сяргея, які, вядома, часта заходзіць праведаць бацьку.

Цяпер, на вялікай часавай адлегласці, нам цяжка паверыць, што такія жахі адбываліся менавіта ў гэтых мясцінах, і тыя, хто перанёс іх, жывуць сярод нас. Страта бацькоў, цяжкае дзяцінства і юнацтва і цяпер застаюцца ў памяці Іпаліта Іпалітавіча балючым успамінам, ад якога часам на вачах нагортваюцца слёзы.

Андрэй БУРЭЦ, фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *