Літаратурная сустрэча «У сэрцы навекі родны наш край»

Актуальное

«У сэрцы навекі родны наш край». Пад такой назвай прайшла літаратурная сустрэча работнікаў аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, удзельнікаў народнага калектыву літаратурнай творчасці «Світанак» з пражываючымі ў Александроўскім псіханеўралагічным доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў.

У кожнага чалавека ёсць свая малая радзіма, тое месца, дзе ён нарадзіўся на свет, вырас, дзе жыў і жыве яго народ са сваёй багатай гісторыяй. Для нас такім месцам з’яўляецца Шаркаўшчына, яе ваколіцы і вёскі. Сёлета спаўняецца 520 год з моманту першага летапіснага ўпамінання нашага гарадскога пасёлка.

Вядучыя мерапрыемства Таццяна Гагалінская і Ала Клакоўская расказалі прысутным пра гісторыю раённага цэнтра, пра знакамітых землякоў, якія праславілі наш край далёка за яго межамі. Сучасная Шаркаўшчына квітнее і прыгажэе з кожным годам. Вабяць сваёй утульнасцю цэнтральныя плошчы і вуліцы, добраўпарадкаваныя ўскраіны.

Непаўторную прыгажосць родных мясцін у сваіх вершах і апавяданнях апісваюць мясцовыя паэты і пісьменнікі — удзельнікі народнага калектыву літаратурнай творчасці «Світанак». Вядучыя мерапрыемства расказалі пра шаркаўшчынскіх літаратараў, якія тэмы іх хвалююць, прадэманстравалі відэафільм, зняты да 30-годдзя «Світанка», якое адзначалася летась.

Прысутныя ўважліва слухалі аповед. Асабліва ім спадабаліся песні ў выкананні Івана Гарбачонка. Яны гучна апладзіравалі таленавітаму спеваку.

Дарэчы, сярод пражываючых у доме-інтэрнаце таксама ёсць творчыя людзі, якія ўдзельнічаюць у гуртках самадзейнасці. Напрыклад, Юрый Бяляеў. Мужчына ўжо даўно піша вершы, апавяданні. Некалькі сваіх вершаваных твораў ён прачытаў для публікі, а рукапісныя тэксты падарыў кіраўніку «Світанка» Але Клакоўскай. Гасцям падарылі таксама вазы з кветкамі, зробленыя ўласнымі рукамі ўдзельніц гурткоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацва, якімі кіруе культарганізатар установы Святлана Шарубнёва.

У той дзень прыехалі таксама бібліятэкары з вялікім мноствам кніг. У маршруце бібліобуса цяпер з’явіўся новы прыпынак — Александроўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. Пражываючыя ва ўстанове з ахвотай бралі самую розную літаратуру для чытання ў вольную хвіліну.

Сяргей РАЙЧОНАК.