У панядзелак у рэдакцыі раённай газеты “Кліч Радзімы” адбылася ўрачыстая і кранальная падзея: мы ўсім калектывам праводзілі на заслужаны адпачынак аднога з нашых самых паважаных супрацоўнікаў — Франю Іосіфаўну Казлоўскую. Добрыя словы, падарункі і кветкі ад калектыву, а таксама той шчымлівы настрой, які агортвае чалавека, калі ў яго жыцці заканчваецца доўгі і важны этап.
Зусім трошку не дапрацавала Франя Іосіфаўна да прыгожай даты – 50-гадовага стажу. Толькі ўявіце сабе – 50 гадоў, цэлыя паўвека, і ўсе з іх на адным працоўным месцы. Думаецца, што мала хто не толькі ў нашым раёне, але і вобласці, ды нават рэспубліцы можа пахваліцца такім дасягненнем.
Маладая дзяўчына Франя прыйшла ўладкоўваццца на працу ўраённую рэдакцыю 20 жніўня 1973 года пасля заканчэння школы. Яе прынялі на пасаду машыністкі. У 1980 годзе прызначылі карэктарам. У яе працоўнай кніжцы пазначаны такія прафесіі, як аператар кадзіравання тэксту, спецыяліст рэдакцыйнага персаналу І катэгорыі. Але большую частка яна адпрацавала карэктарам, дадаткова выконваючы абавязкі аператара камп’ютарнай вёрсткі. Вельмі рэдка ўдавалася якой-небудзь дапушчанай карэспандэнтам памылкі ўслізнуць ад яе пільнага вока. Да таго ж Франя Іосіфаўна выдатна знае свой родны раён: прозвішчы, імёны яго жыхароў, як называецца тае ці іншая вёска, арганізацыя і многае іншае. І гэтае веданне не раз дапамагала пазбягаць фактычных памылак у друку. Прафесіяналізм, вядома, важная рэч, але не менш важныя для працы ў калектыве чалавечыя якасці. Гэта вельмі сціплую, добрую і мудрую жанчыну паважаюць у нашай рэдакцыі і прыслухоўваюцца да яе меркавання.
Без сумнення, Франю Іосіфаўну можна назваць захавальніцай гісторыі і традыцый раённай газеты. Яна заспела тыя далёкія часы, калі рэдакцыя месцілася ў будынку былой паліклінікі у цэнтры гарадскога пасёлка і друкавалася на месцы ва ўласнай друкарні. Пра камп’ютары тады ніхто і чуць не чуў, карэспандэнты пісалі свае матэрыялы ад рукі, а машыністкі друкавалі іх на нязручных друкавальных машынках, шчоўкаць па клавішах якіх даводзілася з усяе сілы. Многа розных гісторый з жыцця рэдакцыі помніць і можа расказаць Франя Іосіфаўна, пра былых рэдактароў і супрацоўнікаў.
Не ведаю, ці заўважылі вы, паважаныя чытачы, але гэты нумар нашай газеты не зусім звычайны, ён юбілейны – 9-тысячны. У стварэнні многіх тысячаў з гэтых нумараў Франя Іосіфаўна брала непасрэдны ўдзел, старанна вярстала, уважліва вычытвала палосы. За што наш калектыў шчыра ёй дзякуе. Думаецца, падзякуюць ёй і многія шаркаўчане, якія на працягу ўсіх гэтых гадоў чыталі і чытаюць “раёнку”.
– Яшчэ не верыцца, што прачнуся заўтра ранкам і не трэба ісці на работу, да якой так прывыкла за ўсе гэтыя гады, – кажа Франя Іосіфаўна. – Буду паціху адвыкаць ад працоўных будняў і прывыкаць да жыцця на пенсіі.
Але ж мы не развітваемся з вамі, Франя Іосіфаўна. Не забывайце нас, абавязкова заходзьце ў госці ў рэдакцыю, якую нам цяжка ўявіць без вас. Мы будзем заўсёды рады вас бачыць!
Андрэй БУРЭЦ,
фота Алены АНАНІЧ.

