Для паляпшэння жыллёвых умоў шаркаўчан і жыхароў сельскіх населеных пунктаў раёна 12 снежня мінулага года ў раённым цэнтры па вуліцы Рабочая пачата будаўніцтва чарговага шматкватэрнага дома. Мы пабывалі на ўзвядзенні «пяціпавярховіка» і пацікавіліся ходам работ.
На новабудоўлі працавала некалькі адзінак разнастайнай тэхнікі, шчыравалі і рабочыя. Разам з майстрам Шаркаўшчынскай ПМК-68 Сяргеем Краўчанкам мы трапілі на аб’ект.
— Заказчыкам з’яўляецца ўпраўленне капітальнага будаўніцтва Глыбоцкага раёна, — тлумачыць спецыяліст. — Гэта ж арганізацыя выконвае функцыі тэхнічнага нагляду. Генеральны падрадчык — дзяржаўнае аб’яднанне «Віцебскае ўпраўленне будаўніцтвам». Фактычна, усе віды будаўнічых работ выконваюць спецыялісты Шаркаўшчынскай ПМК-68 і Глыбоцкай ПМК-48, якія знаходзяцца на субпадрадзе. Дом будзе мець два пад’езды з адна- і двухпакаёвымі кватэрамі. Па папярэдняй дамоўленасці нашы і глыбоцкія будаўнікі паралельна ўзводзяць кожны па аднаму пад’езду. На цяперашні момант заканчваецца ўзвядзенне другога паверха. Дарэчы, гэты дом будзе аснашчаны ліфтамі, чаго не было ў «пяціпавярховіках», якія будаваліся ў нашым гарадскім пасёлку ў мінулыя гады. Кожны дзень на аб’екце працуюць каля трыццаці чалавек. Тэрмін здачы — жнівень гэтага года. Безумоўна, новы дом стане цудоўным падарункам для навасёлаў і нашай Шаркаўшчыны, якая сёлета адзначае сваё 520-годдзе, а таксама будзе сустракаць гасцей і ўдзельнікаў абласнога свята-кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2023».
Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.


