Падзяка аграрыям КУВСП імя Маркава за шчырую працу

Сельское хозяйство

У гаспадарках раёна падводзяць вынікі вясенняй пасяўной кампаніі. Кіраўніцтва, прадстаўнікі адміністрацыі сельгаспрадпрыемстваў з удзелам прафсаюзных камітэтаў узнагароджваюць перадавых работнікаў.

У пачатку тыдня лепшых механізатараў адзначылі ў КУВСП імя Маркава. Сёлета яравы клін зерневых, зернебабовых і рапсу ў гаспадарцы склаў 927 гектараў. Акрамя гэтага пасеяна 300 гектараў кукурузы, працягваецца сяўба аднагадовых траў. У гаспадарцы не хапае механізатарскіх кадраў, таму, каб укласціся ў самыя аптымальныя агранамічныя тэрміны, мясцовыя трактарысты працавалі ў полі ад світання і да самага змяркання, не зважаючы на ўласны час. Як вынік гэтага — своечасовае заканчэнне сяўбы зерневых і зернебабовых культур на агульнай плошчы 767 гектараў або 106% працэнтаў ад запланаванага.

Высокія працоўныя вынікі з году ў год паказвае перадавы механізатар Дзмітрый Качан. Мужчына працуе на энерганасычаным трактары «Кіравец» К-744. Падчас пасяўной кампаніі ён займаецца ўзворваннем, культывацыяй і дыскаваннем палёў, рыхтуе глебу для сяўбы. Сёлета Дзмітрый Іосіфавіч падрыхтаваў 1008 гектараў глебы. Гэта лепшы паказчык сярод механізатараў сельгаспрадпрыемства.

Сярод ветэранаў працы — тых, хто шчыруе на сельскай ніве не адзін дзясятак год, сваёй стараннасцю і адказнасцю да даручанай справы вылучаецца Аляксандр Кірэй. Падчас пасяўной кампаніі Аляксандр Вітальевіч загортвае ў глебу насенне зерневых, зернебабовых культур, кукурузы, траў. Сёлетняй вясной механізатар пасеяў больш за 500 гектараў — стаў лідарам сярод мясцовых сеяльшчыкаў.

Добрых вынікаў падчас пасяўной кампаніі дасягнуў і механізатар Раман Бука. На агрэгаце «Раса» ён падкарміў карбаміда-аміячнай сумессю азімыя зерневыя культуры на плошчы 1262 гектары, правёў хімічную праполку на плошчы 1408 гектараў.

Дырэктар КУВСП імя Маркава Юрый Жынгель, старшыня прафсаюзнага камітэта Сяргей Талапіла разам з галоўнымі спецыялістамі гаспадаркі павіншавалі перадавікоў сельгасвытворчасці, уручылі ім каштоўныя падарункі і выказалі словы шчырай удзячнасці за старанную і добрасумленную працу.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.