Краязнаўчыя чытанні прысвечаныя Эліэзэру Бэн-Іегудзе прайшлі на базе Верацееўскага цэнтра адпачынку

Актуальное

Эліэзэр Бэн-Іегуда, сапраўднае імя Эліэзер Іцхак Перэльман, нарадзіўся 7 студзеня 1858 года ў мястэчку Лужкі. Жыццёвы і творчы шлях свой прысвяціў адраджэнню старажытнай яўрэйскай мовы — іўрыту. Стварыў першы штотыднёвік на іўрыце — газету “Ацві”, заснаваў Камітэт мовы іўрыт, пасля — акадэмію, пачаў публікацыю першага поўнага слоўніка старажытнага і сучаснага іўрыту. Яго жыццёвым дэвізам быў выраз: “Габрэй, размаўляй на іўрыце!”.

арганізатары і ўдзельнікі Бэн-Іегудаўскіх чытанняў

Менавіта Бэн-Іегудзе і былі прысвечаны краязнаўчыя чытанні, што ладзіліся культурна-асветніцкім цэнтрам імя Я. Драздовіча і Рэспубліканскім Таварыствам па ахове помнікаў гісторыі і культуры, якія прайшлі на базе Верацееўскага цэнтра адпачынку. Імпрэза сабрала досыць многа ўдзельнікаў: пісьменнікі і паэты, выкладчыкі навучальных устаноў, краязнаўцы. Спачатку з прывітальным словам да ўсіх звярнулася Ада Эльеўна Райчонак — асноўны арганізатар краязнаўчых чытанняў. Яна ж прадставіла кожнага ўдзельніка канферэнцыі, акрэсліла парадак правядзення мерапрыемства. Мноства цікавых фактаў аб навуковай дзейнасці Бэн-Іегуды паведаміў прысутным у сваім дакладзе Павел Касцюкевіч — пісьменнік, перакладчык. Пра гісторыю лужэцкага кагалу, пра паўсядзённае жыццё жыхароў мястэчка расказала Іна Соркіна — выкладчык Гродзенскага ўніверсітэта. Усім цікава было паслухаць аповед краязнаўцы з Глыбокага Алы Вярцінскай. Змест яе дакладу ўтрымліваў факты з жыцця Бэн-Іегуды ў Глыбокім, падзеі, што адбываліся ў мястэчку сярод яўрэйскага насельніцтва ў 19—пачатку 20-га стагоддзяў. Антон Астаповіч, старшыня Рэспубліканскага Таварыства па ахове помнікаў гісторыі і культуры, прэзентаваў дакументальную кінастужку пра жыццё яўрэйскай дыяспары ў нашай краіне “Шэсць вякоў на беларускай зямлі”. Міні-канцэртную праграму з песнямі на рускай і яўрэйскай мовах падрыхтавалі і правялі самадзейныя выканаўцы Яна Восіпава і Аляксандр Шурыц з Віцебска.

мітынг-рэквіем на месцы пахавання загінуўшых яўрэяў

Далей у праграме краязнаўчых чытанняў было наведванне месца пахавання нявінна забітых яўрэяў нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1942 годзе. Тут, у брацкай магіле, на ўзбочыне дарогі паміж Гарадцом і Кушлевам знайшлі вечны спакой 916 чалавек — вязні лужкаўскага гета. Удзельнікі канферэнцыі каля помніка загінуўшым правялі мітынг-рэквіем, адслужылі малебен з ускладаннем вянкоў і кветак. Вырашана сумеснымі намаганнямі рэканструяваць, прывесці ў належны стан тэрыторыю брацкіх могілак. Наогул, мэтазгодна месцу масавага знішчэння яўрэяў у Гарадцы надаць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пра гэта ішла гаворка пры падвядзенні вынікаў краязнаўчых чытанняў. Бо на нашай шаркаўшчынскай зямлі маецца мноства гістарычных месц, якія патрабуюць пільнай увагі як з боку дзяржавы, так і з боку грамадскасці. На вырашэнні падобных пытанняў і акцэнтуецца ўвага пры правядзенні штогадовых краязнаўчых навукова-практычных канферэнцый у нашым раёне.

Сяргей РАЙЧОНАК.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *