Афрыканская чума свіней — на пытанні адказвае галоўны ветурач раёна Рамуальда Эдуардаўна Вайцяховіч

Актуальное Сельское хозяйство

Той, хто трымае свіней на падворку, занепакоены пачутым пра афрыканскую чуму. Узнікае пытанне, што рабіць: гадаваць далей жывёлу або забіваць на свае патрэбы? Як ратаваць свіней ад небяспечнай хваробы — афрыканскай чумы — і ці магчыма гэта? На гэтыя і іншыя пытанні адказвае  галоўны ветурач раёна Рамуальда Эдуардаўна Вайцяховіч:

— У раёне не зафіксавана выпадкаў захворвання свіней афрыканскай чумой. Аднак вірус распаўсюджваецца вельмі хутка і няўмольна. Разносяць хваробу дзікія свінні і грызуны, драпежная жывёла і птушкі. А першымі разносчыкамі з’яўляюцца дзікія свінні, якія прыходзяць з лесу на пасевы кукурузы, бульбы і з слінай, калам пакідаюць вірус. На пазачарговым пленуме Рэспубліканскага савета  “Дзяржаўнага таварыства паляўнічых і рыбаловаў” была прааналізавана сітуацыя, якая склалася ў шэрагу раёнаў краіны ў сувязі з вірусным захворваннем дзікіх свіней.  Быў дадзены паляўнічакарыстальнікам загад — рэгулярна праводзіць абследаванне тэрыторый з мэтай выяўлення загінуўшай жывёлы і інфармаваць аб гэтым ветслужбу раёна. Два разы на тыдзень неабходна праводзіць абследаванне паляўнічых тэрыторый з акціраваннем, пры гэтым канфіскаваць дзікіх свіней у межах уліковай колькасці, без заліку плана. У сувязі з склаўшыміся абставінамі, тыя, хто трымае свіней на падворку (калі яму трэба) муку, крупы, камбікорм павінны купляць толькі ў магазінах або ларках нашага хлебапрыёмнага ўчастка Глыбоцкага камбікормавага завода. Нельга трымаць свіней у выгулах, а толькі ў закрытых памяшканнях. У хлявы не павінны заходзіць выпадковыя людзі. Там трэба захоўваць чысціню, пазбавіцца ад грызуноў.

Для прафілактыкі хваробы прымаюцца канкрэтныя меры. Кожную суботу і нядзелю ветэрынарнай службай раёна праводзіцца кантроль за продажам на рынку камбікорму і збожжа. Нагадаем, што продаж на рынку свініны з уласнага падворка забаронены. Купіць мяса можна толькі там, дзе рэалізуецца з мясакамбіната. Работнікі сельскіх Саветаў павінны праводзіць растлумачальную работу сярод насельніцтва.

Асаблівая  ўвага звернута на свінакомплекс КУВСП “Гарадзец”. Створана камісія з кампетэнтных асоб, якую ўзначальвае дырэктар гаспадаркі А. А. Маркевіч.  Распрацаваны план дзеяння ў выпадку з’яўлення АЧС на комплексе. Там штодзённа вядзецца адстрэл варон і галубоў, якія могуць быць пераносчыкамі хваробы, знішчаюцца грызуны. Для большай бачнасці абкошваюцца вакол жывёлагадоўчых памяшканняў канавы і прыдарожныя палосы. Арганізавана дзяжурства патрэбных службаў. Словам, захоўваюцца ўсе ветэрынарна-санітарныя патрабаванні.

Вырашана на ўсёй 5-кіламетровай зоне паблізу свінагадоўчага комплексу стварыць свабодную зону ад АЧС. Гэта значыць, каб там не было свіней ні ў асабістым сектары, ні дзікай жывёлы. Дастаткова сказаць, што людзі з разуменнем аднесліся да гэтай праблемы. З наяўных 467  свіней у асабістых гаспадарках на 5-кіламетравай зоне ад комплексу забіты на ўласныя патрэбы 210 жывёлін.

Ніхто з нас не ведае, калі і дзе можа ўзнікнуць успышка хваробы. Калі з’явіцца ачаг АЧС, тады ўжо, акрамя знішчэння жывёлы, ніякія меры не дапамогуць. Пастановай Савета Міністраў у выпадку  знішчэння жывёлы прадугледжана кампенсацыя, і там агаворана, што, калі выяўлены ачаг АЧС, а перад гэтым уладальнік не выконваў ветэрынарна-санітарныя правілы вырошчвання свіней, то кампенсацыя яму (18.334 рублі за кілаграм) не выплачваецца.

Такая вымушаная мера перасцярогі накіравана на тое, каб не  панікаваць, а на гэты момант выгадаваць на ўласным падворку і іншую жывёлу, скажам, авечак, бычкоў, хатніх птушак.

Падрыхтавала Кацярына СОСНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *