«Ноч музеяў» у Германавічах

Актуальное Общество

На працягу некалькіх год Германавіцкі мастацка-этнаграфічны музей імя Язэпа Драздовіча далучаецца да міжнароднай акцыі «Ноч музеяў». Супрацоўнікі ўстановы культуры і сёлета не абмінулі гэта свята.

Асноўнымі арганізатарамі мерапрыемства сталі супрацоўнікі музея, дапамогу ім аказалі работнікі Дома ганчара, раённага Цэнтра культуры, майстры народнага клуба народных майстроў і самадзейных мастакоў «Талака», удзельнікі гурткоў мастацкай самадзейнасці Іёдскага СДК.

На адкрытай пляцоўцы а васямнаццатай гадзіне вечара сабраліся мясцовыя жыхары, а таксама прыхільнікі мастацтва з суседніх населеных пунктаў. Прысутным падрабязна расказалі пра стварэнне музея ў Германавічах, пра гісторыю ўзнікнення мястэчка, яго славутых ураджэнцаў і жыхароў. А зрабілі гэта дырэктар Дома ганчара Сяргей Рымдзёнак і дырэктар музея Людміла Навіцкая, якія ўдала пераўвасобіліся ў былых уладальнікаў мястэчка — Ігната Шырына і яго жонку Марыяну Якубоўскую. Асобна вядучая праграмы зрабіла акцэнт на тым, што дзякуючы мясцовай настаўніцы, краязнаўцу Адзе Эльеўне Райчонак цяпер у аграгарадку існуе такі музей, куды прыходзяць не толькі жыхары Германавіч, але і прыязджаюць экскурсіі з раёна, вобласці, рэспублікі, нават з замежжа.

Падчас мерапрыемства яго ўдзельнікі чыталі вершы, спявалі песні і прыпеўкі. Гледачы радасна пляскалі ў далоні, калі на імправізаванай сцэне з’яўляліся Маруся і Гануся — дзве мясцовыя жыхаркі-весялухі, у якіх пераўвасобіліся работнікі раённага Цэнтра культуры Таццяна Лаздоўская і Ірына Хаданёнак. Для ўсіх жадаючых працавалі гандлёвыя палаткі, дзіцячыя атракцыёны, а майстры раённага цэнтра рамёстваў прапанавалі паўдзельнічаць у майстар-класах па маляванцы і разьбе па дрэве.

Намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Іна Шынкевіч, якая прысутнічала на свяце, ва ўрачыстай атмасферы ўручыла калектыву Германавіцкага мастацка-этнаграфічнага музея імя Язэпа Драздовіча Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў за добрасумленную працу, значны ўклад у забеспячэнне падрыхтоўкі і правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў, за павышэнне якасці экскурсійнага і турыстычнага абслугоўвання, развіццё новых форм музейнай дзейнасці.

З падарункамі на свята завітала і старшыня Германавіцкага сельвыканкама Мая Якімовіч. Яна павіншавала калектыў установы, уручыла дырэктару саджанцы туй, якія былі высаджаны на прылеглай тэрыторыі.

Закончылася «Ноч музеяў» танцавальнай часткай, дзе ўсе жадаючыя вадзілі карагод пад беларускія народныя песні.

Сяргей РАЙЧОНАК, фота аўтара.